Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 45

Юрий Аркадьевич Татаринов

Апошняя фраза, выказаная хутчэй за ўсё як жарт, тым не менш не развесяліла пані Кацярыну. Яе радасны настрой, выкліканы сустрэчай з даўнім сваім кавалерам, змяніўся на засмучэнне адразу, як толькі размова перайшла на пераезд яе выхаванкі. Нянька нібы прадчувала бяду. Трапіць у замак да Эрдзівілаў лічылася сярод вяскоўцаў вялікай бядою. Колькі слёз пралілося, калі каго-небудзь адпраўлялі туды на службу. Слугам замка было забаронена ўступаць у шлюб; яны павінны былі забыцца і пра святы. Абяздоленыя, трапіўшы ў замак, людзі ператвараліся ў палонных. Там глухлі страсці і пачуцці. З цягам часу яны рабіліся маўклівымі і запалоханымі.

— Яно то і праўда: не маленькая, ды і князь любіць яе, — пагадзілася пані Кацярына. — Але хай бы яна засталася ў родным доме. Князь, самі ж кажаце, часта бывае ў раз'ездах… Ох і растрывожылі вы маё сэрца, пан Варлампій!..

— Хопіць, пані Кацярына, ты ж ведаеш, тут мы нічога не зробім. Заўтра да паўдня панначка павінна быць у замку. Князь чакае. Ды і чаго так хвалявацца! Не на той жа свет яе перасяляюць!

Нянька, пратэстуючы, замахала рукамі.

— Маўчыце! Ну і сказалі!.. — з дакорам кінула яна. — Язык без касцей! — Нянька сярдзіта паглядзела на госця. Потым дадала: — Яна для мяне раднейшая за дачку, і я хачу, каб у замку ёй было спакойна.

— Пры мне ёй будзе спакойна, — абнадзеіў пан Чаляднік.

— Не сумняваюся, — адазвалася суразмоўніца. — Аднак вы так часта бываеце ў раз'ездах!.. І каб маё сэрца не мучылася, будзьце ласкавы, пан Варлампій, паабяцайце, што побач з ёй вы паселіце ангела-ахоўніка.

Пан Чаляднік паківаў галавою, задумаўся.

— Гэта будзе не так проста, — нарэшце прамовіў ён. — Анёльскія душы ў замку не ў пашане. — Ён падумаў яшчэ хвілю-другую, потым дадаў: — А ўсё ж паспрабую. Ёсць у мяне на прыкмеце адна дзяўчына. Спадзяюся, яна будзе добрай служанкай.

Пані Кацярына з удзячнасцю паглядзела на Варлампія.

— Значыць, заўтра раніцай? — спытала яна.

— Так. Папесцімся ночку на вашых пярынах — і назад. — Госць зноў азірнуўся на абразы. Перахрысціўшыся, ён дадаў: — Дай Божа… — І пачаў маліцца: — Прызры, Госпадзі, на пакуту і знямогу нашу і даруй грахі нашыя…

Пані Кацярына павярнулася ўслед яго пагляду і таксама некалькі разоў перахрысцілася…

IV

Княжацкі прыказчык і нянька зноў вярнуліся да размовы пра маючы адбыцца пераезд — аднак у гасцінай нечакана з'явілася панна Марыя. Гэта была танклявая і высокая дзяўчына. Доўгія, гладка прычасаныя валасы ў яе былі светлыя, нібы салома ў сонечны дзень, а ў блакітных вачах чытаўся выраз яскравай зацікаўленасці да ўсяго, што яна бачыла. Маленькія вушы і прамы носік з ледзь прыкметнай гарбінкай выдавалі ў ёй прадстаўніцу роду Эрдзівілаў. Панна Марыя здагадвалася, чаму прыехаў княжы слуга, аднак яшчэ не ведала, як аднесціся да гэтай навіны. Ёй хацелася выглядаць засмучанай. А пазнаўшы пана Варлампія, яна засаромелася і ўсміхнулася. Твар яе так і засвяціўся ад шчасця, як у дзіцяці, якому паказалі любімую цацку. Пачуццяў сваіх яна хаваць не ўмела. Панна ўзрадавалася госцю, як заўсёды была рада ўсім, хто выпадкова або спецыяльна трапляў у яе дом: ці то ганец, ці то сам князь, ці то простая жабрачка з дарогі.