Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 48

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Замуж не хачу, — ціха, але ўпэўнена заявіла яна. Слёзы яе высахлі, толькі на вейках паблісквалі маленькія кропелькі, быццам дзве мініяцюрныя дыядэмы.

Няньцы не спадабаўся адказ выхаванкі. Яна заўважыла:

— Не кажы так, дзіця маё, не гняві Божаньку. Неварта праяўляць упартасць да яго будучых рашэнняў. Яму, а не нам з табой жадаць. Мы абавязаны толькі падпарадкавацца.

Пан Чаляднік, імкнучыся прымірыць абедзвюх, заўважыў:

— Сапраўды, навошта такой маладзенькай замужжа. Яшчэ рана.

— А няўжо ж, — разумеючы, куды схіляе прыказчык, адказала пані Кацярына, — рана яшчэ, рана пра гэта. — Твар яе раптам засвяціўся ўсмешкай. — Ды ці знойдзецца для яе ў гэтай глушэчы варты кавалер! Штосьці я не бачыла такога.

— Ну-ну, — пярэчлівым тонам адазваўся пан Чаляднік, і з годнасцю пагладзіў свае вусы.

Яго жарт вярнуў настрой панне Марыі. Яна ўсміхнулася, паказаўшы белыя роўныя зубкі.

Госць уздыхнуў і раптам упэўнена дадаў, нібы падзяліўшыся горкім вопытам:

— І ўсё-такі калісьці выйсці давядзецца! Без замужжа аніяк нельга!..

Ён дасягнуў сваёй мэты. Іронія яго была пачута. Панна Марыя пагадзілася:

— Нельга! — І засмяялася.

Радуючыся вясёламу настрою выхавальніцы, нянька таксама засмяялася… Знаходзячыся паміж дзвюх прыгажунь, пан Чаляднік раптам адчуў сябе на «сёмым небе». Яму захацелася абняць адразу абедзвюх. Тут ён узяў панну Марыю за руку і, напяваючы мелодыю мазуркі, урачыста прайшоўся з ёю да акна і назад: «Трам, татам, там, трам, татам!» Пры гэтым пані Кацярына ўсміхалася і пляскала ў далоні ў такт мелодыі; яна была задаволена, што ўгаворы скончыліся ўдала.

— Нічога, — казала яна панначцы, якая гарэзліва разгулялася, — усё будзе добра. Князь цябе кахае. І пан Чаляднік цябе любіць. Нічога, мой анёл. Усё будзе цудоўна…

V

Як толькі панна Марыя пакінула залу, госць звярнуўся да нянькі з пытаннем:

— Што гэта так узрушыла небараку? Чаму яна расплакалася?.. Што ў вас тут адбылося?

— Гэта я, старая дурніца, вінавата, — прызналася пані Кацярына. — Каркнула пра замужжа. — Тут яна ўважліва паглядзела на прыказчыка, прыцэньваючыся: ці можна даверыць яму тайну. — Нават не ведаю, як і сказаць, — нечакана ціха прамовіла яна. І адразу ж папрасіла: — Толькі вы, пан Варлампій, нікому ані слова.

Прыказчык надзьмуў шчокі, як пакрыўджанае дзіця, паглядзеў з дакорам на суразмоўніцу.

— Прабачце, — сказала нянька, — справа, калі прызнацца, зусім незвычайная. Можна нават сказаць, злачынная справа. Калі б даведаўся пра гэта князь, не зберагчы нам сваёй галоўкі.

— Хутчэй, — папрасіў прыказчык, — расказвай.

— Ну, дык вось. Справа ў тым… — Тут нянька азірнулася на дзверы і, дзеля перасцярогі, перайшла на шэпт. — Справа ў тым, што ў нашай панначкі ўжо ёсць адзін любы…

— Што-о! — Пан Чаляднік раскрыў рот ад здзіўлення. — Адкуль ён узяўся?

— З простых, з халопаў…

Пан Чаляднік добрую хвіліну глядзеў на няньку так, быццам яго моцна выцялі нечым па галаве. Ён быў ашаломлены.