Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 44

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Усё той жа. — Ёй хацелася пакпіць з яго, так, як рабіла яна гэта яшчэ семнаццацігадовай. Ёй хацелася падакараць яго за доўгую адсутнасць, за абыякавасць да яе.

Першы княжы слуга, калі б захацеў, мог бы ўжо даўно ажаніцца з ёю. Аднак замест таго каб сказаць што-небудзь вясёлае, яна нечакана, са смуткам, заўважыла:

— Здаецца, і адлегласць невялікая, а бачымся так рэдка.

— Што рабіць, матухна, пані Кацярына. Я — слуга. А слугі самім сабе не належаць. Я — як тая панчоха на назе: куды гаспадар, туды і я. Большую частку года і ўвогуле не бываю дома — усё з князем у раз'ездах. А як вярнуся, патанаю ў клопатах: справы, справы. Ніякага спакою, кручуся, як вавёрка ў коле. Ды ці магчымы спакой на гэтым свеце!

— Ну, не заўсёды ж князь глядзіць на вас. Здараецца, што і засне.

— Хо, ды ён і ў сне мною круціць: ці то пісьмо пашле, ці то загадае раптам збірацца ў дарогу…

— Ён па-ранейшаму ездзіць у Варшаву?

— Калі больш правільна сказаць, то не выбіраецца адтуль. Дома мы бываем толькі ў вялікія святы.

— А жонку сваю, княгіню Ізабэлу, з сабой бярэ?

— Такога цуду пры мне не здаралася. — Варлампій азірнуўся на дзверы, нібы жадаючы ўпэўніцца, ці не падслухоўвае хто, і, перайшоўшы раптам на паўшэпт, працягваў: — Здаецца мне, што частыя яго ад'езды якраз і звязаны з тым, каб радзей бачыцца з княгіняй. Ці не жартачкі, іншым разам з'язджаем на паўгода!..

— Кажуць, лютая яна вельмі.

— Так, слугі скардзяцца. Карае іх за ўсякую драбязу. Прыязджаю — мора слёз! І ўсё адно і тое ж: княгіня, княгіня… А чым я ім дапамагу!.. Спачатку скардзіўся князю. Дарэмна. Ён, гаротны, усё бачыць, ды толькі, здаецца мне, і сам пабойваецца яе. І, скажу табе, нездарма! — Тут прыказчык загаварыў зусім ужо ціха, амаль што на вуха пані Кацярыне: — Кажуць, знюхалася старая з нячысцікамі. Так-так. Слугі бажыліся, казалі, быццам неаднойчы ўначы выццё чулі: як зацягне яна, што той воўк на месяц!.. А то раптам трашчаць пачне: бегае па пакоях, залах і калідорах, шуміць трашчоткай, як той прывід касцямі. А пасля як зарагоча! Быццам сам чорт яе казыча!.. Як князь паедзе, дык яна, кажуць, і пачынае дзівачыць.

Пані Кацярына, слухаючы, хрысцілася. А калі пан Чаляднік скончыў, яна сказала:

— У благое месца павезяце маю панначку. Хай бы яна жыла лепш тут, у родным гняздзечку. Жыла б — і гора не ведала. Знайшла б сабе добрага жаніха, нарадзіла б дзетак. Яна ж у нас, як анёл нябесны: чыстая, лагодная. А якая разумніца! А добрая!.. Цяжка ёй будзе ў замку. Цяжка прывыкаць і нялёгка жыць. Вядома ж, якія там правілы. Не будзе там маёй птушачцы свабоды.

— Што зробіш, пані Кацярына, кожнаму свая доля. Тое, чаго хоча Бог, пярэчанню не падлягае. Калісьці ёй усё роўна давядзецца ад'язджаць адсюль.

— А чаму менавіта цяпер князь вырашыў яе забраць? Ён жа абяцаў дачакацца восені.

— Ад'язджае. У верасні — сойм. Таму хоча пасяліць панначку да свайго ад'езду, каб абвыклася. Любіць ён яе, як родную дачку. Заўсёды з такой ласкай аб ёй адзываецца. Дый надакучыла яму чакаць. І сапраўды, ужо дарослая, семнаццаць мінула. Як бачыш, у няньках няма патрэбы.