Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 43

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Пан Варлампій! — вельмі прыязна, хоць і збянтэжана, бо перад ёй усё ж быў любімец самога князя Эрдзівіла, усклікнула пані Кацярына. — Каго я бачу? Я нават была ўпэўнена, што вы забыліся пра наш дом!

Пан Чаляднік падняўся, па-маладзецку выгнуў прыгожыя грудзі, выдыхнуў:

— Ніколі!

Тым часам пані Кацярына наблізілася да яго. Нейкі час яны пільна глядзелі адзін на аднаго. Нарэшце пані Кацярына ўсміхнулася. Выраз твару госця, аднак, не змяніўся, ён, як і раней, быў сур'ёзны і засяроджаны, як салдат перад генералам. І толькі вусы злёгку варушыліся, выдаючы хваляванне гаспадара.

— Хутчэй імя сваё забудзеш, чым ваш дом, — лісліва адказаў госць. — Тут жыве такая птушачка! — Пан Чаляднік схіліўся і пацалаваў няньчыну руку, потым дадаў: — Прымай госця, пані Кацярына. Прыехаў забраць панначку. Да самай раніцы ўвесь у тваёй уладзе… — І ён тут жа расшаркаўся.

Нянька засмяялася. Пацалунак і прыязны тон госця адразу ж узбадзёрылі яе.

— Такі ж, як і раней, — упэўнена сказала яна.

— Ды дзе там, — адмахнуўся госць. І тут жа дадаў: — А вось над табой, матухна, час не падуладны. Ружа набралася моцы, расквітнела.

— Памыляецеся, — адказала нянька. — Ружа адцвітае. — Твар яе раптам зрабіўся строгім. Ноткі ўпартасці і цвёрдасці загучалі ў яе голасе: — Усё, чым можна было ганарыцца, неяк зблякла. Засталася, мабыць, толькі памяць аб шчаслівых дзяньках.

— Ужо нямала, — жадаючы падбадзёрыць суразмоўніцу, адказаў госць. — Відаць, былі яны ў цябе, шчаслівыя дзянькі.

— Былі,— шчыра прызналася нянька і засаромелася зноў. Гэта яе збянтэжанасць, якая выяўлялася ў тым, што яна часам апускала або адводзіла вочы ўбок і адначасова чырванела, вельмі пасавала ёй. — Не так ужо і шмат, але былі. І вы ведаеце, каму я павінна быць удзячна за гэта…

Рукі пана Чалядніка былі такімі ж смелымі, як і яго позірк і думкі. Не паспела пані Кацярына ўздыхнуць, як умомант апынулася ў моцных абдымках госця. Намагаючыся пацалаваць яе, той дакрануўся губамі да яе вуснаў. Але пані, адкінуўшы галаву, не паддалася.

— Не, не, — ціха, але рашуча адказала яна. — Адпусціце.

Пан Чаляднік паслухмяна адпусціў. Нянька адышла на два крокі і абцягнула складкі свайго сарафана.

— Пакідаць вас нанач у нашым доме проста небяспечна, — хітравата заўважыла яна. — Усіх курэй перапалохаеце. Як быў кот, так і застаўся.

— Што рабіць, калі яшчэ не ўся дурная кроў выйшла, — самазадаволена прызнаўся госць і пераступіў з нагі на нагу, нібыта выказваючы нецярпенне.

Пані Кацярына адступіла яшчэ на некалькі крокаў, далей ад граху. Яна добра ведала пана Варлампія. Ведала яго майстэрства ўсё пераводзіць у жарт, ведала яго шчодрую пяшчоту. Яна нават баялася, што можа паддацца яму. Пан Чаляднік быў халасты. З гэтай прычыны пані Кацярына вось ужо больш дзесяці год пасля смерці свайго першага мужа не выходзіла замуж. Яна адхіляла самыя выгодныя прапановы, бо любіла пана Варлампія… Яна замілавана глядзела на госця і паўтарала: