Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 42

Юрий Аркадьевич Татаринов

У пярэднім пакоі нікога не было. І тады госць накіраваўся ў гасцёўню.

Сухенькі лысы старэча-слуга, у светлай ліўрэі, быў заняты прыбіраннем.

— Фух, хоць аднаго мужыка сустрэў,— выпаліў басам прыезджы. — Бачу, браце, што ў вас тут нават з гадамі нічога не змянілася: як было «бабіна царства», так і засталося.

Старэча-слуга, дагаджаючы госцю, якога ён пазнаў, засмяяўся, аднак адказаць не асмеліўся. Вусаты пан, якому, відаць, не было розніцы, з кім размаўляць — ці то з князямі, ці то са слугамі,— агледзеўшы залу, раптам усклікнуў:

— Божухна, усё, як і раней! І мэбля, і драпіроўка!

Позірк яго затрымаўся на невялікай пульхнай канапцы з высокай спінкай, задрапіраванай кітайскім шоўкам. Госць падышоў да яе і папляскаў па лежаку далонню. Хітра прыжмурыўшыся, ён прагудзеў:

— А вось гэта рэч мне" асабліва запомнілася. — Ён пацягнуўся. — Э-х!.. Божухна, прабач за грахі нашыя… Ведаеш, стары, — раптам зноў звярнуўся ён да замёрлага, як мумія, у сваім кутку слугі,— што гэтая канапка з'яўлялася сведкай сапраўднага і самага гарачага кахання, якое ведала чалавецтва ад часоў Адама!

Было відаць, госць верыў у тое, што гаварыў. Сапраўды, некаторыя рэчы часам гавораць нам значна больш, чым яны нешта сабой уяўляюць. У кожнага з нас абавязкова ёсць у сэрцы штосьці, звязанае з рэчамі. Ці то любоўная гісторыя, ці проста ўдача, якая некалі дакранулася да нас сваім крылом. Мы гатовы абагаўляць такія рэчы, як паганцы абагаўлялі сваіх ідалаў. Што тычыцца нашага героя, то прыемныя ўспаміны, здаецца, змешваліся ў яго свядомасці з сумнымі. Ён амаль сілком адвярнуўся ад знаёмай канапкі і прайшоў праз усю залу да аднаго з акон. Слуга заўважыў у яго вачах слёзы.

— Адшукай ты мне, браток, панначку, — ужо ціха сказаў прыезджы. — Дый заадно — упраўляючага і няньку. Скажаш, пан Чаляднік прыехаў… Ды жвавей, браток, — неяк капрызна дадаў ён, — не люблю я, ведаеш, затрымак.

Слузе не трэба было паўтараць двойчы. Ён добра ведаў пана Чалядніка, першага распарадчыка князя Станіслава, і ўжо, безумоўна, гатовы быў яму ўслужыць. Пакуль госць шукаў вачыма абраз, каб памаліцца з дарогі, стары, быццам джын, цішком знік з залы.

Заўважыўшы абраз, пан Чаляднік наблізіўся да яго і з пачуццём тройчы перажагнаўся.

— Госпадзі,— прашаптаў ён пры гэтым, — ачысці вочы мае ад слёз, а ногі — ад спатыкання. Дай спакою душы і думкам.

Памаліўшыся і ўздыхнуўшы ўжо вальней, ён кінуў пальчаткі на стол і стаў расшпільваць гузікі на кафтане. «Ну і спякота», — прашаптаў ён, выціраючы хусцінкаю твар і шыю. Успомніўшы пра сустрэчу, якую ён чакаў, зноў зашпіліў кафтан і нарэшце апусціўся ў глыбокае крэсла, абцягнутае аленевай скураю.

Яго зноў пачала адольваць дрымота…

III

Аднак адпачыць госцю не давялося. Праз нейкі час ён раптам адчуў, што ў зале нехта з'явіўся. Ён расплюшчыў вочы і ўбачыў на парозе высокую, стройную і зусім не старую пані ў шырокім, з прэтэнзіяй на галантнасць, сарафане. Гэта была нянька панны Марыі — пані Кацярына. Густы румянец, пышныя, цёмныя, без адзінай сівінкі валасы, а таксама спакойны і крышачку насмешлівы пагляд нянькі выдавалі яе здароўе і ўраўнаважаны характар. У госця варухнуліся вусы. Ён вытрашчыў вочы на прыгажуню і на некаторы час як анямеў. Раптам яго шчокі ўспыхнулі і выдалі даволі сур'ёзную яго сардэчную тайну.