Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 41

Юрий Аркадьевич Татаринов

Высокія і надзіва тонкія колы экіпажа круціліся лёгка і амаль нягучна. Здавалася, што экіпаж лунае над зямлёю. Манатонны тупат парушалі хіба толькі гучны плёскат фурманавай плёткі ды яго дзікія выкрыкі.

— І-э-эх-ха-ха! — часам вымаўляў ён і пры гэтым вельмі нахіляўся наперад, нібы хацеў дацягнуцца да вушэй першай пары сваёй запрэжкі.

Экіпаж і яго суправаджэнне рухаліся хутка, быццам воўчая зграя. Пасля іх узвівалася ў паветры, шырылася і заставалася вісець над дарогай густая паласа пылу…

II

І вось нарэшце гэты экіпаж спыніўся перад высокай каванай брамай — уездам на тэрыторыю кляціхінскай сядзібы. Адразу ж да брамы выйшаў вартаўнік, адчыніў яе. Экіпаж і коннікі, якія яго суправаджалі, рушылі ўверх уздоўж цяністых прысадаў — да палаца, круглыя вежы якога з чарапічнымі дахамі, здавалася, луналі над зялёнымі шатамі дрэў.

Праз хвіліну экіпаж выкаціўся на шырокую пляцоўку, з круглай клумбаю ў цэнтры, і спыніўся каля ганка масіўнага будынка, сцены якога былі апавіты дзікім вінаградам. З экіпажа выйшаў — дакладней, выскачыў, жадаючы прадэманстраваць сваю спрытнасць, — знаёмы ўжо нам рыжавусы пан. Ён спыніўся і ўважліва агледзеў вокны верхняга паверха. Наўрад ці яго цікавіла архітэктура ўбачанага ім будынка. Па ўсмешцы, якая так непазнавальна змяніла яго твар, можна было здагадацца, што з гэтым домам у яго звязаны прыемныя ўспаміны. Ён агледзеў кожнае акно, якое было ўбудавана ў чарапічны дах і, нарэшце, затрымаў позірк на чорным высокім флюгеры, які вянчаў купал адной з бакавых вежаў. Ён раптам усміхнуўся і, нібы жадаючы адкінуць успаміны, якія агарнулі яго, правёў сябе далонню па лбе. «Эх, ну і пасваволіў жа я тут калісьці!» — сказаў за яго выраз ягонага твару. Мабыць, таму і прыгадаліся яму сяброўкі, дзеля якіх ён калісьці наведваў гэты дом. Сапраўды, аб чым яшчэ мог падумаць, гледзячы на гэтыя сцены, такі мажны і ўсмешлівы мужчына?.. Між іншым выраз яго не захаваў і цені смутку. Магчыма, госця здзівіла і засмуціла думка аб тым, што паміж імгненнем, калі ён упершыню ўбачыў у адным з гэтых вокан мілы яго сэрцу тварык, і сённяшнім днём мінула больш чым дзесяць гадоў?.. Коннікі прытрымлівалі разгарачаных успацелых коней. Апошнія, у сваю чаргу, гучна фыркалі і адганялі розную машкару, якая роем лятала над імі. Фурман і слуга заставаліся сядзець на козлах. Усе чакалі загадаў рыжага пана.

Між тым на ганку сабраліся людзі. Большасць з іх былі жанчыны. Бабы выходзілі з будынка і моўчкі кланяліся незнаёмцу, выказваючы такім чынам рабалепства перад ім ужо толькі за тое, што ён быў багата апрануты. У тым, як яны паводзілі сябе, было нешта ад паводзін ягнят: штурхаючыся, яны хаваліся за спіны адно аднаго. Вусаты не зважаў на іх аніякай увагі.

Нарэшце, схамянуўшыся ад сваіх летуценняў, ён аглянуўся на тых, хто з ім прыехаў, і строга загадаў:

— Распрагаць!

Пачуўшы яго голас, тыя, хто стаяў на ганку, адначасова зноў схіліліся ў нізкім паклоне. Але і на гэты раз прыезджы не звярнуў на іх аніякай увагі. Ён атрос свой кафтан белаю пальчаткаю, скокнуў на ганак і, нарэшце, увайшоў у дом.