Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 40

Юрий Аркадьевич Татаринов

Бег ён доўга. І чым больш аддаляўся ад вёскі, тым утульней рабілася ў яго на душы.

Спыніўся ён толькі ў суседняй вёсачцы, намераўшы ад Асвеі не менш як тры кіламетры. Тут ён адшукаў аўтобусны прыпынак і пачаў чакаць.

А гадзіны праз дзве ён ужо ехаў дахаты, — яму пашэнціла сесці ў той самы аўтобус, на які і быў куплены білет.

1992 г.

Сэрца панны Марыі

Частка першая

Нечаканы візіт

I

Стаяла такая ліпеньская спякота, пра якую людзі кажуць: «Самы разгар лета». Неба было чыстае, быццам азёрная роўнядзь у ціхі сонечны дзень. Перачакаўшы гарачыню, некуды схаваўся вецер. Спрадвечная цішыня панавала над усім светам. І толькі высока ў небе заліваўся жаўрук, які вучыў лётаць сваіх маленькіх птушанят.

Па шырокай палявой дарозе, якая была абсаджана па абодва бакі высокімі галінастымі дрэвамі, стрымгалоў ляцеў багаты экіпаж, запрэжаны чацверыком. Пазалочаныя вензелі на яго дзверках зіхацелі сонечнымі блікамі. Пярэстыя коні былі ўпрыгожаны галунамі і высокімі белымі падвязкамі. Спераду, на козлах, сядзелі фурман і слуга. А ў самім экіпажы, на мяккім сядзенні, умасціўся вельмі важны — мяркуючы па багатым светлым кафтане, вялікіх рыжых вусах і каштанавай шавялюры, завязанай у коску, — пан.

Незнаёмца яўна адольвала дрымота. Ён мужна змагаўся з ёю: варочаў вачамі, трос галавой. На твары яго можна было заўважыць незадавальненне. Зрэдку ён скоса выглядваў у дзвярное акенца, каб упэўніцца, ці правільна выбраў фурман дарогу. І ўсё-такі, па нейкіх няўлоўных прыкметах — ці то па гульні зморшчынак на твары, ці то па руху вёрткага цела, — прыгледзеўшыся, можна было здагадацца, што пан гэты не такі ўжо і суровы, якім імкнецца выдаць сябе, і што дэвіз яго — мілаваць, а не караць.

Іншы раз на хвіліну-другую яму ўдавалася прагнаць дрымоту. Тады позірк яго праясняўся, і незнаёмец углядаўся ў акенца з нейкай пранізлівай зацікаўленасцю. Яго ўвагу прыцягвалі дрэвы, што раслі паабапал дарогі. І сапраўды, іх маўклівасць і нерухомасць, былі напоўнены залішняй цеплынёй і святлом, і гэта чамусьці насцярожвала. Так, бывае, агортвае трывога ў прыціхлым лесе, пад час палявання, калі пачынае здавацца, што ў любую хвіліну перад табой з'явіцца страшны звер. Ды толькі асіна — мабыць, па той прычыне, што на ёй «чорт вешаўся», — ні з таго ні з сяго магла зашумець адразу ўсёй сваёй кронай…

За экіпажам рухалася паўтузіна коннікаў. Па чырвона-чорнай амуніцыі можна было здагадацца, што яны — з дружыны тутэйшага князя Эрдзівіла. Яны былі ў суконных калетах, прыталеных штанах і высокіх рыжых батфортах са шпорамі ў выглядзе пеўня. На левым баку кожнага конніка на шырокім рамяні вісела доўгая крывая шабля. У коннікаў ва ўсім — у паставе, у старанні стрымліваць коней — адчувалася строгая дысцыпліна. Ніхто з іх не дазваляў сабе абганяць даручаны ў ахову экіпаж або прыкметна адстаць. Да таго ж усе маўчалі, яўна адчуваючы важнасць сваёй місіі.