Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 39

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Лжэш! — па-дзікунску закрычаў ён. — Гэтак проста ад мяне не ўцячэш! Я з табою яшчэ паквітаюся!..

Але на гэты раз наш герой не разгубіўся. Ён што ёсць сілы штурхнуў абрыдлага скандаліста нагою ў грудзіну. Скарлоцы ўпаў і тут жа знік над вадою, — і толькі шырокія кругі на паверхні сажалкі нейкі час нагадвалі пра тое, што ён сапраўды быў тут.

Хлопец спехам працягваў апранацца далей. Нахіліўшыся, ён раптам прыкмеціў у траве кінуты яблык. Нарэшце, здагадаўшыся, што з'яўляецца прычынаю дзіўных прыгод, якія здарыліся мінулаю ноччу, ён падняў яго і з лютасцю шпурнуў у сажалку. Пасля гэтага заспяшаўся прэч з парка.

Ён ішоў па вёсцы і азіраўся. Яму блюзніліся то тупат капытоў, то злоснае гырчэнне Скарлоцы, то заляцанні панны Яніны… Як толькі ён апынуўся на прывакзальным пляцы, дзе ўжо сабраўся невялікі натоўп, перастаў хвалявацца і адразу падаўся да касы.

У адным месцы на пляцы было асабліва шматлюдна. Тут за доўгімі прылаўкамі месціліся гандляркі са сваімі таварамі. Адна з жанчын прадавала яблыкі. Бока звярнуў на гэта ўвагу, таму што яблыкі падаліся яму знаёмымі. Ярка-чырвонага колеру, яны былі раскладзены па кучках. Тут жа, на прылаўку, стаялі вагі. Хлопца як прымагніціла да яблыкаў.

— Купіце, — пачуў ён голас гандляркі, што сядзела па другі бок прылаўка. — Бярыце, не пашкадуеце.

Бока зірнуў на яе. У тую ж хвіліну яны пазналі адзін аднаго. Гэта была тая самая таўсмачка, да якое наш герой прасіўся ўчора на кватэру.

— Добрай раніцы! — прывітаў яе Бока.

— А, добрай раніцы! — усміхаючыся, адказала жанчына. — Ну як, ці знайшлі дзе пераначаваць?

Хлопцу падалося, што яна пазірае на яго з насмешкаю. Тым не менш, ён ветліва адказаў:

— Ага, усё як мае быць.

— Ну вось і добра, — адазвалася гандлярка. — Цяпер купіце на дарожку яблычкаў. Яны ў мяне добрыя, смачныя. Ды вы ўчора, здаецца, каштавалі.— І яна пачала нахвальваць свой тавар.

Зведаўшы сапраўдныя вартасці гэтых яблыкаў, Бока баяўся нават дакранацца да іх. Паўтарыць ці доўжыць тое, што перажыў гэтаю ноччу, ён аніяк не хацеў, таму вырашыў адысціся ад прылаўка.

Але таўсматая не адпусціла яго ні з чым.

— Давайце вашу сумку, — сказала яна, — я пакладу. Вось, у мяне кожная кучка — кілаграм. Бярыце, бярыце, малады чалавек, усё жыццё будзеце ўспамінаць мяне…

Не паспеў Бока запярэчыць, як гандлярка схапіла яго за сумку. Другой рукою яна зняла з вагаў міску з яблыкамі. Ці то спалохаўшыся, ці то проста заўпарціўшыся, хлопец адступіўся ўбок і так тузануў на сябе сумку, што старая выпусціла з рук міску. Вагі перакуліліся. Яблыкі пападалі пад ногі. Яны загрукаталі аб дол, як тэнісныя мячыкі, уроссып пакаціліся па прывакзальным пляцы.

— Што ты робіш, нягоднік! Хуліган! — закрычала старая.

Аднак Боку напалохалі не яе лаянка і не абгаворы пасажыраў, а яблыкі, што каціліся па пляцы і аніяк не маглі спыніцца. Хлопцу падалося нават, што, коцячыся, яны нібыта гараць, зацягваючы дымам увесь пляц. А таму, забыўшыся на аўтобус і білет у кішэні, ён пабег…