Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 38

Юрий Аркадьевич Татаринов

За акном пачуўся шум: гэта лёкаі пабеглі да берага. Шум прымусіў Боку заспяшацца. Хлопец павярнуўся і нарэшце схаваўся ў чорнай дзіры тунеля.

XIV

Нейкі час Бока рухаўся ў поўнай цемрадзі. Ды вось наперадзе замігцела святло. Хлопец увайшоў у невялікае памяшканне. Святло прабівалася сюды праз праём адчыненых дзвярэй. Па такіх-сякіх адзнаках — цаглянай муроўцы, бетанаванай падлозе, масіўнай драўлянай лесвіцы — Бока здагадаўся, што знаходзіцца ў тым самым склепе, куды зусім нядаўна, учора ўначы, яго вадзіў глуханямы.

Ён выйшаў на вуліцу. І адразу ж быў асветлены сонечным святлом. Ён нават мусіў спыніцца і затуліць далонямі вочы. Спявалі пеўні, чулася гучнае рыканне. Хлопец здагадаўся, што настала раніца. Міжволі яму гэтаксама захацелася крычаць, вітаючы новы дзень і сваё вяртанне. Жмурачыся, ён нарэшце агледзеўся. Вялікі статак нетаропка, як святочнае шэсце, тупацеў па вясковай вуліцы. Чуліся ляскат бізуна і незразумелыя, дзікаватыя — як з даўняга лексікона — выкрыкі пастуха. Зеляніна на дрэвах іскрылася расою. Было ядрана, хоць сонца пачало ўжо прыграваць.

Бока пакіраваў да хаты, куды яшчэ ўчора ўвечары ўладкоўваўся на кватэру. Аднак, ступіўшы ўсяго некалькі крокаў, вымушаны быў зноў спыніцца: ён убачыў у нізіне, у нейкіх ста метрах ад сябе, вялізнае блакітнае возера. Яно здавалася двайніком неба. Промні, якія адбіваліся ад яго паверхні, гулялі водбліскамі на сценах вясковых хат і ствалах дрэў. «Калі і ёсць якаясьці таямніца ў гэтай вёскі — як бы казалі гэтыя водбліскі,— то шукайце яе на дне тутэйшага возера…»

Прымусіўшы сябе адарвацца ад жывога малюнка раніцы, хлопец наблізіўся да расчыненага акна. Ён прыслухаўся. У хаце, як і ўчора ўвечары, грымела радыё. Бока ўзлез на падаконнік і забраў з канапы сваю сумку.

Да адпраўлення аўтобуса было яшчэ шмат часу. Хлопец вырашыў наведаць стары парк. Трэба ж прывесці ў парадак адзенне. Але галоўным чынам яго вабіла туды цікаўнасць: хацелася ўведаць, якую гэта камедыю разыграў з ім глуханямы. Неўзабаве, мінуўшы ўсяго некалькі хат, ён апынуўся на тэрыторыі старое сядзібы.

Не, не гэтага чакаў ён. Пасярод вялікай паркавай паляны ззялі на сонцы велічныя руіны — тыя самыя, што ён бачыў учора. У гэтую раніцу малюнак, які бачыў ён перад сабою, быў асабліва журботны. Здавалася, руіны крывянілі. Такое адчуванне стваралася дзякуючы таму, што там, дзе на сценах абсыпалася тынкоўка, агалілася чырвоная цэгла. Яна была пакрыта расою. Лішкі святла і ранішняе выпарэнне захіналі рэшткі гэтай былой раскошы ў смугу. Бока застыў на месцы як зачараваны. Ён пазнаў у гэтым каменным нагрувашчанні той велічны будынак — падобны на птушку з распасцёртымі крыламі,— які ўсяго колькі гадзін таму бачыў цэлым і населеным.

Непадалёку ад руінаў паблісквала знаёмая сажалка. Хлопец пакіраваў да яе.

На беразе ён заняўся сваім адзеннем. Спачатку ён выкруціў куртку, потым — кашулю. Выкручваючы порткі, ён згледзеў у кішэні яблык. Ярка-чырвоны, ён так і гарэў на сонцы. Бока пачаў есці яго. Тым часам ён выкруціў порткі і стаў апранацца. У той момант, калі ён залазіў у калашыну, вада ў сажалцы раптам закіпела і каля самага берага вынырнуў Скарлоцы. Італьянчык быў у сваім заўсёдным капелюшы і чырвонай камізэльцы з залацістаю аздобаю. Адсопваючыся, ён раз'юшана зірнуў на хлопца, потым раптам схапіў яго, бы рак здабычу, за нагу і пацягнуў у ваду.