Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 37

Юрий Аркадьевич Татаринов

Скарлоцы рашуча ступіў туды, дзе стаялі Бока і панна Яніна. І тут, не то ад таго, што зноў парушылася раўнавага, не то ад таго, што Шадурскі быў няўважлівы каля стырна, лодку моцна пахіснула. Але, магчыма, яна б не перавярнулася, калі б не зрэагаваў на гэта таўсмач, — той не ўтрымаўся і перакаціўся на той бок, дзе знаходзілася ўжо большая частка экіпажа. Шадурскі, замест таго каб зменшыць нахіл, павярнуў стырно так, што лодка лягла ветразем на бок. Усе, хто знаходзіўся на палубе, з крыкам наляцелі ў ваду.

Лёкаі похапкам сарвалі некалькі замацаваных на борце выратавальных кругоў і перадалі іх панам, што валтузіліся ў вадзе.

Апынуўшыся за бортам, Бока адразу падумаў, што гэтае здарэнне можа прынесці яму жаданае вызваленне. Выдатны плывец, ён надумаўся як хутчэй дабрацца да берага. Але ягонай задуме зноў перашкодзіла панна. Кінуўшыся да хлопца, яна абхапіла яго за шыю. Відаць, усё ж яго яна выбрала сваім выратавальнікам.

— Дапамажыце мне, пан Вальдэмар, дапамажыце! — закрычала яна.

— Вы з глузду з'ехалі! — скідваючы яе рукі з сваёй шыі, адазваўся Бока. — Вы ўтопіце і мяне, і сябе! — Ён перадаў ёй круг, што плаваў побач, сказаў: — Трымайцеся.

— Не трэба, — адказала панна і ўзлавана адкінула круг як мага далей. — Мяне выратуеце вы! Вы! Калі вы не зробіце гэтага, то я ўтаплюся ва ўсіх на вачах!

Бока хацеў быў угаворваць яе, — ён заўважыў, што панна выдатна плавае і дапамога ёй не патрэбна, — але яму не далі. Ён убачыў, што да яго, на ўсю моц працуючы рукамі, плыве Скарлоцы. Раўніўцаў пагляд не абяцаў нічога добрага. Доўга маракаваць нашаму герою не было калі. Як толькі італьянец наблізіўся, Бока штурхнуў да яго панну, а сам што ёсць сілы паплыў да берага. Некалькі хвілін ён вытрымліваў імклівы тэмп. Потым, убачыўшы, што бераг блізка, нырнуў і, расплюшчыўшы вочы, паплыў пад вадою.

Неўзабаве ён заўважыў паглыбленне, падобнае да ўваходу ў пячору. Яно вяло кудысьці ў бок палаца. Не марудзячы, Бока шмыгнуў у яго. Нейкі час ён плыў у поўнай цемрадзі, чапляючыся за выступы каменнай сцяны. Ды вось над галавою з'явіліся пробліскі святла. Хлопец пачаў усплываць.

Вынырнуўшы, Бока агледзеўся. Ён убачыў, што знаходзіцца ў палацавым склепе, якраз у той самай студні, якую сёння раніцою палічыў за басейн. Выйшаўшы з вады, хлопец адразу ж падаўся да ўваходу ў тунель.

На яго парозе ён запыніўся. Яму захацелася апошні раз аглядзець склеп. Было ціха. Толькі недзе каля акна білася ў шкло пчала. Косыя промні заходзячага сонца высвечвалі сцены і столь. Наверсе, у палацы — ні гуку, усё як вымерла. Хлопец раптам падумаў, што ён не развітаўся з гаспадарамі маёнтка і іх гасцямі. Дзіўна, але гэтая думка выклікала ў ім жаль. Усё ж ён крыху прызвычаіўся да гэтых людзей. Яму захацелася ўбачыць панну Яніну, захацелася, каб яна зноў у апошнюю хвіліну не дала яму ўцячы. Гэта было дзівацкае жаданне, — жаданне чалавека, упэўненага, што ён назаўсёды пакідае гэтую мясціну і гэтых людзей. Ён згадаў, што так і не знайшоў выпадку, каб распавесці ім пра тое, хто ён і адкуль…