Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 31

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Няўжо? — робячы выгляд, што здзіўленая, праказала панна. — А мне здавалася, што абставіны не маюць улады над тымі, каго можна назваць сапраўдным рыцарам.

Гэта быў укол. Хлопец зразумеў, што нядаўнюю памылку яму нельга нічым апраўдаць. Упершыню ён падумаў, што трэба было не ўцякаць адсюль, а затрымацца, каб пастарацца выправіць сваю прамашку.

Між тым, працягваючы насмешліва ўхмыляцца, панна ўзяла яго пад руку. Яна як бы давала зразумець, што яшчэ можа дараваць яму. Так, прытуліўшыся адзін да аднаго, яны моўчкі выйшлі з залы.

XII

— І ўсё ж чаму «чарадзейныя»? Няўжо яны здольныя ўчаўпці што-небудзь незвычайнае? — дапытваўся Сліва ў Шадурскага, калі ўсе — і гаспадары, і госці — стаялі перад невялікім каржакаватым дрэвам, голле якога было літаральна аблеплена чырвонымі яблыкамі.

— Не ведаю, не ведаю, пан Сліва, — адказаў Шадурскі.— Здарыцца можа невядома што: ад звычайнага да неверагоднага. Заўважу толькі, што назіраецца дзіўная завядзёнка: над аднымі, здаецца, найбольш набожнымі, яблыкі проста паджартоўваюць, затое над другімі могуць наладзіць сапраўдную экзекуцыю. Таму папярэджваю, панове, перш чым выпрабаваць сябе, узважце вашыя грахі.

Гэтае папярэджанне, хоць і выказанае як бы жартам, крыху суцішыла гулякаў. Насмешлівасць з іх твараў як ветрам здзьмула. Між тым гаспадар маёнтка ціхамірна працягваў:

— Усё, што здарыцца з вамі, панове, здарыцца нездарма.

Аднак гэтая кароткая заўвага не дадала смеласці гасцям. Наадварот, яны як быццам страцілі бадзёрасць. А Скарлоцы панура прагудзеў:

— Н-ну, пасля такіх прадмоў страшна нават падыходзіць да гэтага дрэва…

Надышла чарга ўступіць у размову панне.

— І гэта кажа пан Скарлоцы, смелы мужчына, — з іроніяй прамовіла яна. — Не ведаю, але думаю, што той заяц з Сар'інскага лесу быў смялейшы.

Скарлоцы тут жа ступіў да яблыні.

— Падумаеш, яблыкі! Не веру ў вашыя байкі!

Ён сарваў буйны яблык і, жадаючы адразу ж даказаць сваю смеласць, пачаў яго есці. Ён жаваў — і ягоныя вусы пры гэтым варушыліся, бы ў рака, які падпільноўвае здабычу. Усім сваім выглядам ён хацеў паказаць, што і самога чорта не баіцца. Сябры зазіралі яму ў рот, — чакалі дзіва…

Аднак дзіва не спяшалася.

— А неблагія на смак, — шчыра прызнаўся смяльчак.

— Гэта французскі гатунак, «перлашэз», знаны ў Еўропе, — пахваліў Шадурскі.

— Няўжо ж, ну і назва, — прабурчаў Скарлоцы, — не маглі прыдумаць што-небудзь весялейшае. — Аднак працягваў хрумсцець сакаўным яблыкам.

— Дзіўна… нічога не адбываецца, — задуменна сказаў, гледзячы на італьянца, Сліва. — Сябры, — звярнуўся ён да Шадурскага і яго дачкі,— прызнайцеся, вы пажартавалі над намі? — Твар яго расплыўся ад усмешкі. Відаць, ён жадаў, каб усё, што казалі пра яблыню, сапраўды было жартам.

Асмялеўшы, ён таксама сарваў яблык і, выцершы яго аб рукаво, пачаў есці.

— О, дзякуй Богу! Цудоўныя, смаката! — з захапленнем праказаў ён.

— Як жа гэта, пан Шадурскі, вы ж абяцалі! — ужо злуючыся на тое, што нічога не адбываецца, усклікнуў заўсёды незадаволены Скарлоцы. У ягоным голасе гучала амаль што крыўда.