Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 30

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Будзе і прагулянка, — абнадзеіў яго Шадурскі.— Усяму свой час.

— А можа, яно небяспечнае для здароўя, чарадзейства вашай дзіўнай яблыні? — пацікавіўся прастакаваты Сліва. — Спадзяюся, што яблыкі не абернуць нас у зайцоў — спажыву для вашых высокапародзістых сабачак?

— Не палохайцеся, — заспакоіў таўсмача гаспадар. — Усё вельмі звычайна. Гэта ўсяго толькі жарт. Колькі мая Яніна перагрызла гэтых яблыкаў! І паглядзіце, — жывая ды здаровая!

— І сапраўды, панове, чаго вы палохаецеся! — звярнулася да гасцей панна Яніна. — Тата кажа праўду, гэта ўсяго толькі забава, гульня. Пра тое, у чым сапраўдны сакрэт нашай яблыні, няхай тлумяць галаву паны вучоныя. Што нам да гэтага! Мы ўспрымаем яе дзівосы як нешта зусім звычайнае. Скажам, як узыход сонца ці месяцавае ззянне.

— У вашым доме, здаецца, усё — забава, гульня, — усміхаючыся, азваўся Сліва. — Пасля здарэння ў склепе я ўжо нічому ў вас не здзіўляюся. Ну скажыце, адкуль яны там узяліся, гэтыя праклятыя сабакі?

— А вы ўпэўнены, што яны там былі? — звярнуўся да яго Шадурскі.— Можа, вам падалося, можа, гэта галюцынацыі пасля залішняй выпіўкі?

— Не, ну як жа, панове!.. — паспрабаваў запярэчыць Сліва.

Але яго перапыніла панна.

— Гэта свавольства ўсё той жа чарадзейнай яблыні,— разважна і ўпэўнена сказала яна. — Не забывайце, яснавяльможныя, што нашае віно зроблена… з яблыкаў. І несумненна, што ў кожнай з бочак ёсць і сок з нашай знакамітай яблыні.

— Не можа быць, — запярэчыў Сліва. — Калі ўсё тое, што дзеелася ў склепе, як вы кажаце, — галюцынацыі, то што ж, у такім разе, з'ява рэальная? Панове, у маім пакоі знаходзіцца доказ таго, што адбылося. Хіба маглі незямныя сілы так абысціся з мужчынскім убраннем?..

На гэта панна ўпэўнена адказала:

— Яны маглі ўтварыць і не такое!

А Шадурскі ўслед заклапочана прамовіў:

— Бачу, панове, што мне давядзецца ўгаворваць вас на гэтую бяскрыўдную гульню.

— Не-не, гэтага вам рабіць не давядзецца, — запярэчыў Скарлоцы. — Вядзіце, — запатрабаваў ён і першы выйшаў з-за стала. — Згараю ад жадання пакаштаваць гэтых яблыкаў. І не баюся, бо не веру ў байкі. У гэтым свеце ўсё падпарадкавана законам прыроды. Нічога незвычайнага адбыцца не можа. Казкі пра чараўнікоў і лятаючых ведзьмаў могуць здзівіць хіба што дзяцей.

— Адразу відаць — смяльчак, — падбадзёрыла яго панна.

— Вядзіце! — палка паўтарыў італьянчык і падаўся да выхаду.

Падняўся і Шадурскі. За ім, як па камандзе, з-за стала пачалі выходзіць астатнія кампанейцы.

— Запрашаю вас паглядзець тое, што, калі прызнацца, не ўцямлю сам, — сказаў гаспадар.

Сліва, адчуваючы дробныя дрыжыкі ў целе, змушана засмяяўся, прамовіў:

— Я не палохаюся. О не, ніколькі. Проста смяхоцце, зразумейце. «Чарадзейныя» — фі, гэта несур'ёзна…

Зноў апошнія сталоўку пакідалі панна Яніна і наш Бока. Затрымаўшыся каля выхаду, панна азірнулася на хлопца. На яе твары гуляла насмешка.

— Спадзяюся, пан Вальдэмар, — сказала яна, — на гэты раз вы не напалохаецеся?

Бока, які гатовы быў праваліцца скрозь зямлю ад сораму, адказаў ёй:

— Не сярдуйце. Калі б вы ведалі ўсе абставіны, якія звязалі мяне з вамі, то былі б больш спагадлівыя.