Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 33

Юрий Аркадьевич Татаринов

Нарэшце шар зачапіўся за галіну аднаго з прыбярэжных паркавых дрэў і марудна здзьмуўся. Смяльчак так і застаўся вісець на галіне, перагнуўшыся, бы гэта быў не чалавек, а доўгі рыцарскі плашч. Ён маўчаў. Вада сцякала з яго ручаём. Шадурскі і Бока з усіх ног кінуліся да яго.

Тут жа паклікалі лёкаяў. Адзін з іх прынёс драбіны. Неўзабаве нашчадка цудоўнай Італіі спусцілі на зямлю. Яго нос паспеў зрабіцца гэткім жа, як і раней. Затое шчокі былі падрапаныя, а камізэлька парвалася так, што ўжо наўрад была на што-небудзь годная. Цэлы ды некрануты застаўся адзін ягоны капялюш.

— А хай яна згарыць, гэтая ваша яблыня! — з цяжкасцю трымаючыся на нагах, сярдзіта сказаў Скарлоцы Шадурскаму. Ён быў падобны на няшчаснага Дон Кіхота пасля сутычкі з ветракамі.— Жарты жартамі, але ж калі так, то трэба хоць папярэджваць, што гэтыя жарты небяспечныя для жыцця!

— Як магу прабачаюся, пан Скарлоцы! Тысячу разоў перапрашаю! — таптаўся вакол госця гаспадар маёнтка. — Хто ж думаў пра такое! — Ён дапамог вусачу ўсесціся пад дрэвам. — Вынікі чарадзейства непрадказальныя. Я ж казаў. Гэта можа быць звычайнае свавольства…

— Няўжо ж! — прабурчаў Скарлоцы.

— Ці як у вашым выпадку… Гэткае здарэнне вельмі рэдкае. Паверце! Боскія сілы за нешта крыўдуюць на вас.

— На мяне? — Скарлоцы пільна зірнуў на Шадурскага. — За што?

Гаспадар яблыні паціснуў плячыма.

— О, святая Марыя, — перахрысціўся італьянчык, — няўжо я так саграшыў перад табою і тваім сынам? За што ты гэтак караеш мяне? За што? — І ён зноў зморшчыўся ад болю.

— Усё мінулася, пан Скарлоцы, усё прайшло, — заспакойваў, пагладжваючы італьянчыка па мокрай камізэльцы, Шадурскі,— дзякуйце Богу, што ўсё скончылася гэтак хутка…

— Дзе пан Сліва? — запытаўся Скарлоцы. Шадурскі хацеў адказаць. Але таўсмач сам нагадаў пра сябе.

— Я тут, — пачуўся яго тэнар.

Сябры азірнуліся. Сліва цяжкаю ступою кіраваўся да іх. Лёкаі кінуліся яму на дапамогу.

— Я з такім задавальненнем з'еў ваш яблык, пан Шадурскі,— раптам прызнаўся таўсмач, — што пакаштаваў бы і яшчэ адзін. Не пярэчыце?

Напружанасць, выкліканая нядаўнімі падзеямі, мінулася, сябры — апрача, вядома ж, угневанага Скарлоцы — гучна зарагаталі. Тым часам Сліва працягваў:

— Ці не маглі б вы, пан Шадурскі, ахвяраваць мне хоць колькі вашых яблыкаў? Я пачаставаў бы імі сваіх шаноўных суседзяў…

— Ды хоць поўны воз! — адказаў яму гаспадар Асвеі. У нашага героя ад смеху каціліся слёзы.

— Вось так, пан Вальдэмар, — звярнуўся да яго таўсмач. — Мусіць, у вас у Берберыі не здараецца нічога падобнага.