Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 29

Юрий Аркадьевич Татаринов

Шадурскі, убачыўшы іх, загадаў:

— Падыдзіце бліжэй!

Кухары нерашуча ступілі крок-другі да стала. Малады трымаўся насцярожана. Выраз твару ў яго быў як у зацкаванага звера. Старога ажно калаціла. Ён быў бледны, а вочы ягоныя няўцямна міргалі,— здавалася, ён гатовы быў вось-вось упасці ад непрытомнасці. Малады падтрымліваў яго. Можна было падумаць, што гэтыя двое ішлі на эшафот.

— Вас двое? — здзівіўся Шадурскі.

Гаспадароў голас падзейнічаў на старога, як удар грому на запалоханае сабачаня: ногі ў яго падкасіліся. Малады ледзь паспеў утрымаць яго за плечы.

— Што з ім? — запытаўся Шадурскі.

— Учадзеў, ваша міласць, — прамармытаў малады. Яго чорныя бліскучыя вочкі пры гэтым забегалі.— Залішне стараўся… — дадаў ён і лісліва ўсміхнуўся, паказваючы свае моцныя белыя зубы.

Шадурскі з хвіліну дапытліва пазіраў на старога. Потым, надаўшы паважнасць твару, сказаў:

— Я запрасіў… вас, каб выканаць волю маіх сяброў. Хачу падзякаваць вам. Сёння вы дадалі славы свайму гаспадару. — Ён зрабіў паўзу. Потым працягваў з важным выразам твару: — Трэба быць майстрам, каб высачыць і забіць зайца. Так! Але, як сёння тут, за сталом, мы пагадзіліся, што гэта ўсяго толькі палова справы. Трэба быць сапраўдным майстрам, каб прыгатаваць з гэтага зайца такую страву! — І ён паказаў на пусты срэбраны паднос.

Сліва, ківаючыся, бы вялікая завадная лялька, дадаў:

— Цудоўна! Нічога падобнага не еў!

— Ваш заяц пад соусам быў непараўнаны! — заключыў Шадурскі.

Відаць, на старога кухара падзейнічала шчырасць, якая прагучала ў гаспадаровых словах. Як бы яно ні было, але ягонае сэрца не вытрымала. Стары раптам ускрыкнуў і, раскінуўшы рукі, упаў на падлогу. Малады, які сам нямала разгубіўся, на гэты раз не паспеў падхапіць яго. Да кухара падбеглі лёкаі. Падняўшы няшчаснага, яны панеслі яго з залы. У сталоўцы запанавала цішыня. Тым часам кухарчук пазіраў на паноў. Ён хацеў прачытаць на іх тварах — жартуюць яго гаспадары ці не. Шадурскі ўтаропіўся на дзверы, за якія вынеслі старога. Нарэшце ён прамовіў:

— Гм, шкада… Я загадаю, каб ім заняўся мой лекар. — Потым ён звярнуўся да кухарчука: — А ты парадуй яго. Перадай, што я дарую яму вольную. Ды скажы, што ён атрымае ад мяне каня, а яшчэ — карову і хату ў вёсцы. Ён заслужыў усё гэта. Заслужыў стараннасцю. — Ён памаўчаў, потым дадаў: — Цяпер галоўным на кухні прызначаю цябе. Спадзяюся, што ты будзеш гэтакі ж вынаходлівы і старанны, як і твой папярэднік… Ну ўсё, ідзі.

Малады ўпаў на калені. Такога падарунка ён не чакаў, таму і закрычаў:

— Дзякую, дзякую, ваша міласць!.. Век буду верным рабом вашым!..

— Ідзі, ідзі,— адмахнуўся гаспадар.

І пакуль кухарчук, кланяючыся і выказваючы падзяку, адпаўзаў да дзвярэй, Шадурскі паспеў забыць пра яго. Звярнуўшыся да сяброў, ён прапанаваў:

— А што, панове, ці не пара нам перайсці да дэсерту! Ці не пара пакаштаваць яблычак з маёй чарадзейнай яблыні!

— Сёння раніцою вы абяцалі прагулку па возеры, — нагадаў, выціраючы губы сурвэткаю, Скарлоцы. — Думаю, не зашкодзіла б праветрыцца.