Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 28

Юрий Аркадьевич Татаринов

Між тым Бока, які бачыў праз шчыліну гэтую сцэну, асцярожна вылез з шафы. Прысеўшы на кукішкі, ён пачаў прыхарошвацца. І тут пачуў хрумсценне. Пад адным са сталоў хлопец убачыў дагледжанага панскага сабаку: той з апетытам уплятаў смажаніну, што ляжала на шырокім срэбраным падносе. Хлопец прыгледзеўся. Не было ніякага сумніву — сабака канчаў згатаванага на вячэру зайца…

На гэты раз выслізнуць з кухні Боку не далі кухары. Пачуўшы хрумст, першы кінуўся да шкадлівага сабакі стары. Бока ледзь паспеў уплішчыцца назад у шафу…

Далей падзеі разгортваліся, як у трагікамедыі. І наш герой удзельнічаў у іх адно як глядач.

Убачыўшы сабаку, стары крыкнуў і схапіўся за сэрца. Да яго падбег малады. Старэйшы, хістаючыся, пратупаў да абраза, які вісеў на сцяне, упаў на калені і пачаў горача маліцца.

— Божа мой міласцівы, даруй мне ўсе грахі! Не дай мне асарамаціцца! — прасіў ён, згінаючыся да падлогі. Пры гэтым з ягоных вачэй ліліся слёзы.

Малады тым часам з заклапочаным выглядам узіраўся на пусты паднос. Нечакана ён кінуў яго і пачаў выганяць з кухні памаўзлівага сабаку. Прагнаўшы яго, ён прысеў на ўслончык і, абхапіўшы галаву рукамі, моцна задумаўся. Дзіва што, яму было пра што памаракаваць, — кухарам пагражала калі не смерць, то сур'ёзнае пакаранне.

Хвіліны праз дзве малады штосьці прыдумаў, бо ўслончык пад ім раптам упаў, а сам ён выбег з кухні як апараны.

Бока занерваваўся ў сваёй схованцы. Ён пабойваўся, што малады можа прывесці панну. Кухарчук сапраўды неўзабаве вярнуўся, але — адзін. Зрэшты, ён прынёс вялікага чорнага ката. Не паспеў Бока раскумекаць што да чаго, як раптам пачуў жахлівы віскат. Прыглядзеўшыся, ён убачыў, што няшчасны кот ляжаў пасярод стала і ўжо нават не варушыўся. Бока абурыўся. Ён ледзь не выдаў сябе, закіпеўшы жаданнем адплаціць скуралупу належным чынам. «Ну й норавы! — сіпеў ён у сваёй шафе. — Інквізітары!..» Тым часам маленькі Тамерлан, спрытна ўпраўляючыся з нажом, пачаў лупіць з ката скуру.

Стары працягваў кланяцца і прасіць абароны ў Бога. Ён не звяртаў аніякае ўвагі на свайго энергічнага памочніка. Ён не пачуў нават паху смажанага мяса, што напоўніў неўзабаве ўсю кухню.

Бока нарэшце не стрываў. Выкаціўшыся з шафы, ён пракраўся да дзвярэй і, адчыніўшы іх, выслізнуў у калідор.

У калідоры было ціха, як у склепе. Агледзеўшыся, Бока кінуўся да дзвярэй у склеп. Але тыя былі зачыненыя. Хлопец разагнуўся і ўдарыў плячом, спрабуючы зламаць іх…

— Не губляйце марна сілы, — нечакана пачуў ён за сваёй спіною.

Бока азірнуўся. У некалькіх кроках ад яго стаяла панна Яніна. Яна спакойна, хоць і трохі разгублена, пазірала яму ў вочы.

— І што вас гэтак вабіць туды? — запыталася яна. — Няўжо віно?

Хлопец прыціснуўся спіною да дзвярэй. Яму трэба было як хутчэй што-небудзь прыдумаць, каб апраўдацца…

XI

Вячэра ў сталоўцы канчалася, калі Шадурскі нечакана загадаў прывесці галоўнага кухара.

Загад быў перададзены па эстафеце. Праз хвіліну перад гаспадаром і ягонымі гасцямі стаялі адразу два ўжо знаёмыя нашаму герою кухары. У сваіх каўпаках і фартухах яны нясмела спыніліся каля самых дзвярэй.