Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 27

Юрий Аркадьевич Татаринов

За шырмаю нешта грукнула аб падлогу. Бока здрыгануўся, — падумаў, што панна ўжо распранулася. І тады ён разважліва заключыў, што настаў самы час даць драпака. Гэтая думка сама падштурхнула яго да выхаду. Ён адчыніў дзверы і нячутна выслізнуў у калідор…

X

Бока прабег па калідоры і, адчыніўшы канцавыя дзверы, убачыў, што перад ім доўгая светлая галерэя-пераход, што злучае адзін палацавы будынак з другім. Ён пайшоў па ёй і апынуўся ў калідоры суседняга будынка. Там згледзеў лесвіцу і спусціўся на ніжні паверх. Толькі тады ён зразумеў, што з гэтага будынка трапіць у склеп яму не ўдасца.

І ўсё ж, паблукаўшы па ўсім палацы, ён выбраўся нарэшце да дзвярэй, што вялі ў склеп. Аднак варта яму было адно наблізіцца да іх, як з дальняга канца калідора хтосьці паклікаў:

— Пан Вальдэмар!

Па голасе Бока пазнаў, што гэта панна Яніна. Зрабіўшы выгляд, што нічога не пачуў, хлопец адчыніў бліжэйшыя дзверы і ўвайшоў у якоесьці памяшканне.

Ён апынуўся на кухні. Пасярод прасторнае залы стаяла некалькі пліт і цэлы шыхт сталоў. Апрача таго, уздоўж сцен тут былі змайстраваны шырокія шафы, дзе захоўвалася рознае кухоннае начынне, посуд ды харчы. Каля аднаго са сталоў завіхаліся двое. Абодва былі ў фартухах і ў каўпаках. Бока здагадаўся, што гэта кухары. Адзін з іх, сівы, лядашчы, быў стары; затое другі, смуглявы, чорнавалосы, — зусім малады, юны. Абодва так былі захоплены сваёю справаю, што нават не заўважылі, хто ўвайшоў. Бока прыгнуўся і, хаваючыся за плітамі, падбег да адной з шафаў. Адчыніўшы дзверы, ён похапкам узлез на ёмкую паліцу.

На парозе кухні з'явілася панна Яніна. І адразу ж за ёю ў памяшканне ўбег сабака. Кухары ўзнялі галовы ад шыкоўнага торта, — а гэта над ім яны так завіхаліся, — пакланіліся панне. Яны былі збянтэжаны, — гаспадарова дачка мала калі заходзіла сюды. Але ганарыстая панна нават не зірнула на іх.

— Ці не бачылі, як сюды заходзіў… адзін малады пан? — аглядваючы памяшканне, спыталася яна ў кухараў.

— Ды як быццам ніхто не ўваходзіў, ваша міласць, — хуценька адказаў стары і зноў пакланіўся.

— Як быццам ці не ўваходзіў? — строга запыталася панна.

— Не, ваша міласць, тут нікога не было, — адказаў за старога малады. — Мы б заўважылі.

Панна прайшлася па кухні. Яна скіравала да шафаў і нават адчыніла адну. Нарэшце яе зацікавілі дзверы ў дальнім канцы памяшкання. Госця наблізілася да іх і тузанула за ручку. Дзверы лёгка адчыніліся.

— Куды гэты выхад? — пацікавілася панна ў кухараў, якія паслухмяна валачыліся за ёю.

— Там лесвіца, што вядзе на другі паверх у сталоўку, — адказаў стары.

Госця рашуча ступіла за парог. Амаль усё невялікае памяшканне, у якім яна апынулася, займала драўляная вітая лесвіца. Панна нарэшце ўспомніла, што, карыстаючыся ёю, лёкаі падаюць стравы ў сталоўку. Канечне ж, яна ведала пра гэтую лесвіцу, проста рэдка зазірала сюды. Задумна пастаяўшы, яна вырашыла падняцца ў сталоўку.

Калі стук яе абцасікаў ужо не быў чуцён, кухары вярнуліся на кухню. Ад хвалявання ў старога на твары і шыі выступіў пот.