Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 26

Юрий Аркадьевич Татаринов

Чырвань, што нахапілася ад збянтэжанасці, заліла юнакоў твар. Ён не чакаў такога павароту. Аднак вачэй не апусціў, адказаў:

— Вы, панна, з тых, хто проста не можа не падабацца. Я ўпэўнены, што ў вас шмат заляцаяў.

Гэтым разам настала чарга збянтэжыцца панне. Але і яна не зажадала апусціць вачэй.

— Магчыма, — няпэўна адказала яна. — Затое ніводнага вартага.

— А якога ж гэта? — пацікавіўся хлопец.

— Ну, скажам, гэтакага ж, як вы, — без усялякіх хітрыкаў адказала панна.

Толькі цяпер Бока заўважыў, што панна ўзіраецца на яго не проста з цікаўнасцю. Было відно, што яна чакала і жадала ад свайго госця ўчынку. З хвіліну хлопец маракаваў, як быць. Маленькая панна падабалася яму, — гэта было бясспрэчна. Адначасова тое недарэчнае становішча, у якое ён трапіў тут, стрымлівала яго пажадлівасць. Нашага героя варта было зразумець. Усё ж ён быў у палоне, — хоць і прыемны, але той пазбаўляў яго сапраўднага разняволення. Да таго ж ён не ведаў ні законаў, ні нораваў людзей, да якіх трапіў. А раптам, думаў ён, камусьці з іх узгарыцца павесіць яго на дыбе, — дастаткова аднаго слова лёкаям. Хлопец быў асцярожны ды ўсё яшчэ памятаў ранішнюю сутычку…

— Калі я пачну заляцацца да вас, пан Скарлоцы выкліча мяне на двубой, — паспрабаваў аджартавацца ён. — Між тым у маёй краіне не ведаюць ні шпагаў, ні пісталетаў.

— Я ўпэўнена, што да вечара пан Скарлоцы тут наўрад ці з'явіцца, — адказала панна. — Ён спіць. І яго не пабудзіць нават гарматны стрэл. — Жадаючы дарэшты заспакоіць юнака, яна дадала: — Не бойцеся, у маім пакоі вам ніхто не адважыцца пагражаць.

Красуня заклікала госця быць рашучым. Яе сердавала тое, што даводзіцца амаль што ўпрошваць яго. «Няўжо ў іх, у Берберыі, усе такія цюхцяі?» — незадаволеная, думала яна.

— У вас безліч часу, — між тым сказала яна. — Не бойцеся. У гэтым пакоі мы можам заставацца столькі, колькі пажадаем…

Было прыкметна, што яна хвалявалася. Адчуўшы, нарэшце, злачыннасць сваіх паводзінаў, Бока вырашыў, што з дзвюх бед выбіраюць меншую.

— Панна, — ціха сказаў ён і падняўся. Потым падышоў да крэсла суразмоўніцы, укленчыў і абняў яе за ногі.— Даруйце мне, — прашаптаў ён.

Яна адразу ж абхапіла яго за шыю і пацалавала ў вусны.

— Нарэшце, — праказала яна, працягваючы палка абдымаць хлопца.

Пасля новага працяглага пацалунка яна раптам адштурхнула Боку і, падскочыўшы з месца, хуценька прашаптала:

— Пачакайце, я зараз!

Спярша яна падбегла да акна і захінула шторы. Пасля гэтага схавалася за шырмаю.

Бока падняўся. Падалося, што хмель з новай сілаю ўдарыў у галаву. Ён чуў шамаценне за шырмаю, — панна спяшалася скінуць з сябе сукенку. Жадаючы супакоіцца, хлопец прашпацыраваў па пакоі. Міжволі ён апынуўся каля дзвярэй. І тут нечаканая думка прыйшла яму ў галаву: з'явіўся спрыяльны момант для таго, каб уцячы. Спачатку ён адхіліў гэтую ідэю баязліўцы. Але праз хвіліну, калі яна зноў патурбавала яго, задумаўся. Супярэчлівыя жадункі перапаўнялі хлопца. З аднаго боку, яму хацелася застацца, з другога — насуперак самому сабе — вабіла як хутчэй выбрацца з гэтага дома, каб выблытацца з сітуацыі, у якой ён апынуўся.