Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 25

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Няўжо гэта праўда? Няўжо вы верыце, што яны чарадзейныя?

— Паверыш, калі з малых гадоў бачыш усё гэта… Казалі, што некалі тут, на беразе гэтага возера, стаяў хутар аднаго пустэльніка, які ведаў таямніцы магіі. Пустэльнік памёр, так нікому і не паспеўшы перадаць свайго ўмельства. Яго пахавалі пад маладою яблынькаю. Потым пабудавалі гэты палац, пасадзілі парк. Вось тады ўсе і даведаліся пра дзівосныя ўласцівасці яблыні. Відаць, сіла таго пустэльніка пасля яго смерці перадалася дрэўцу. А ад яго штогод перадаецца пладам.

— Так, — усміхнуўся Бока, — прыгожая казка.

— Казка?.. — здзівілася панна. — Казкаю яе называюць тыя, хто не пакаштаваў гэтых яблыкаў.

— Вы хочаце спакусіць мяне на ўдзел у паказе цудаў? — запытаўся Бока. — Ох і пракачуся колам!

Панна, застаючыся сур'ёзнаю, сказала:

— Я ведала, што вы адважны пан.

— Адважны? — здзівіўся Бока. — Для таго каб з'есці яблык, адвага не патрэбна.

— Сапраўды?! — ці то запыталася, ці пацвердзіла панна.

Бока перастаў усміхацца.

— Вы штосьці недагаворваеце, панна Яніна, — заўважыў ён.

Маленькая панна адказала не адразу. Ёй хацелася прымусіць хлопца паверыць у свой аповед. Адначасова ёй падабалася, калі ён глядзеў ёй проста ў вочы. Пагляд маладога чалавека распаляў яе.

— Скажыце, пан Вальдэмар, я вам падабаюся? — нечакана запыталася яна.