Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 15

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Значыць, у яго былі для гэтага падставы? — не адступала, пыталася панна.

Тут Бока зразумеў, што павінен сказаць праўду, бо можа засмуціць маленькую панну.

— Не ўтаю, — адказаў ён, — я цікаваў за вамі. Зводдаль.

Ён сказаў якраз тое, што і павінен быў сказаць у гэтым выпадку сапраўдны джэнтльмен. Твар у панны зачырванеўся. Колькі імгненняў яны моўчкі глядзелі адзін аднаму ў вочы. Голас Шадурскага прымусіў іх вярнуцца да рэальнасці.

— Нават калі б вы любаваліся адною красою прыроды, — заўважыў гаспадар Асвеі,— ён усё роўна прыраўнаваў бы. У вас, пан Вальдэмар, ёсць адна перавага перад ім: вы малады… Ужо некалькі гадоў ён заляцаецца да маёй дачкі. Але яго залёты не даюць ёй пакуль што анічога, апрача пакутаў.

— Я шкадую галоўным чынам аб тым, што ён адпудзіў ад нас багата добрых сяброў,— засмучана адклікнулася панна.

— Ён добры чалавек, проста гарачы, — заступіўся за Скарлоцы пан Сліва.

— Ён дурань, — упэўнена абвясціла панна.

— Проста недарэка італьянчык, — спрабуючы перавесці ўсё на жарт і падбадзёрыць сяброў, заключыў Шадурскі. Ён раптам папрасіў дачку: — Каб не было канфліктаў, з гэтай хвіліны трымайся бліжэй да пана Вальдэмара. Пабудзь яго анёлам.

Гэтая прапанова ўзрадавала маленькую панну, — яе вочы ўспыхнулі, а на вуснах заззяла ўсмешка…

VI

— Ці чулі? — звярнулася да нашага героя маленькая панна, калі яе бацька і пан Сліва ад'ехаліся. — З гэтай хвіліны я з вамі неразлучная, адным словам, ваш анёлак.

Хлопец не запярэчыў. А калі папраўдзе, то ён быў рады. Дзіўна, але побач з паннаю Янінаю ён адчуваў сябе больш упэўнена.

Яны прышпорылі коней і паехалі далей.

Падзеі да гэтага часу разгортваліся так, што Боку не ўдавалася спакойна памаракаваць: а што ж гэта з ім адбылося? Цяпер вось ён задумаўся. Здаецца, яму нічога не заставалася, як паверыць у тое, што ён нейкім цудам перасяліўся ў двухсотгадовую даўніну. Праўда, паверыць у гэта было не так і проста. На пачатак трэба было супакоіцца, пазбыцца асляпляльнага здзіўлення ад усяго таго, што ён бачыў і чуў. Мо таму ласкавыя словы панны набывалі для яго асаблівы сэнс.

Наперадзе нарэшце завіднеўся Сар'інскі лес. А праз колькі хвілін вершнікі ўжо ехалі па лясной дарозе. Але, відаць, да месца палявання было не надта блізка. Рухаліся цяпер марудней; сабакі блыталіся пад нагамі ў коней, баючыся аддаляцца ў лес.

Прапусціўшы ўсіх наперад, Бока і панна ехалі апошнія. Маленькая панна пазірала на хлопца. Яе здзіўляла тое, як няўклюдна ён трымаецца ў сядле. Бока тым часам старанна выдаваў, што яму ўсё гэта вельмі звыклае. Ён нават спрабаваў усміхацца.

— Вы так дзіўна сядзіце ў сядле, — азвалася панна.

— Дзіўна?.. Чаму вы так кажаце? — запытаўся Бока. Калі б не ваш упэўнены выраз твару, я падумала б, што вы ўвогуле навічок у гіпіцы. У вашай паставе залішне наструненасці. Хто навучыў вас гэтак ездзіць? Няўжо ў вас там, у Берберыі, усе так ездзяць?

— Не адмаўляюся, вы блізкія да самой праўды.

— Як гэта?