Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 13

Юрий Аркадьевич Татаринов

Баючыся, што яго пачнуць угаворваць, Бока не забавіўся адказаць:

— Я сам адмовіўся. — І, здзіўляючыся таму, як лёгка ён працягвае гульню, дадаў: — Даруйце, панна, я еду проста прагуляцца. Для мяне таксама прыемна пабыць з вамі, а не займацца стралянінаю.

Гэтым адказам ён здзівіў не толькі сябе. Скарлоцы тым часам вылупіў на яго вочы, нібы пачуў лаянку. А панну Яніну гэтыя словы ўзрадавалі. Яна ўсміхнулася і хітравата сказала:

— Дык вось яно што. Пабачым-пабачым…

Яна спрытна заскочыла ў сядло падведзенага да яе высокага каня, ад'ехала ад ганка.

Апошнія коней асядлалі слугі. Шадурскі падаў знак — і адразу ж увесь гурт пакіраваў да паркавай брамы. Сабакі, выцягнуўшы насы, кінуліся ўслед за вершнікамі.

Па галоўнай вясковай вуліцы паскакалі галопам, пакідаючы ззаду густы шлейф пылу. Калі ж мінулі апошнія хаты і апынуліся на палявой дарозе, то пайшлі павольнаю ступою, — шлях да Сар'інскага лесу няблізкі, трэба было ашчаджаць сілы.

Паперадзе ехала панна. Вершнікі любаваліся яе зграбнасцю. Ці не здавалася ім, што сама фея лётае над зямлёю. Доўгая ружовая стужка на яе капелюшы трымцела і вілася, як хвост паветранага змея. Панна была спрактыкаванай вершніцаю, — гэта было відно нават па яе паставе. На сваім даўганогім скакуне яна здавалася маленькаю. Тым не менш, упраўлялася з ім зазвычай проста: то паганяла яго ў галоп, то прымушала пераскокваць праз якую-небудзь перашкоду. На яе расчырванелым твары гуляла ўсмешка свавольніцы.

Бока таксама пазіраў на вершніцу. Адно хіба да пэўнага часу. Хутка ён адстаў і ў думках ужо лаяў сябе за тое, што пагадзіўся на гэтую паездку. Сядло падалося цвёрдым, бы з дрэва: стаміліся ногі і спіна. Яму хацелася злезці з каня і ўлегчыся дзе-небудзь на траве, у цяньку. З жахам думаў ён, што гэта толькі пачатак прагулкі.

Першы заўважыў яго адставанне Скарлоцы. Ён спыніў свайго каня, дачакаўся, калі Бока дагоніць яго.

— Я бачу, што пан Вальдэмар любіць незалежнасць, — сказаў ён без здзеку.

Бока хацеў адказаць, але толькі зморшчыўся. Яму было не да жартаў.

— Мае прашчуры, — працягваў Скарлоцы, суправаджаючы хлопца, — нарадзіліся ў Італіі. Калісьці яны служылі непараўнанай Боне. Ад іх перайшлі да мяне іх вартасці і недахопы. — Ён падумаў з хвілінку, потым нечакана прызнаўся, прыцішыўшы голас: — Між іншым я дужа гарачы…

У яго голасе хлопец пачуў пагрозу. Гэта было папярэджанне задзіракі. Нічога добрага яно не абяцала. Занепакоены Бока на нейкі час нават забыўся на свой боль. Між тым Скарлоцы спакойным тонам, разбаўленым усё той жа з'едліваю пагрозаю, запытаўся:

— Спадзяюся, што вы прыехалі ў Асвею не для таго, каб заляцацца да панны Яніны?

Бока ледзь быў не зваліўся з каня. Ажно нешта кальнула яго ў спіну. «Ад гэтых дзівакоў,— падумаў ён, — можна чакаць чаго хочаш». Ён аніяк не жадаў быць забітым на двубоі нейкім там прыдуркам… Італьянчыкаў пагляд, здавалася, свідраваў яго. Скарлоцы чакаў адказу.

— Я гасцюю ў пана э… Шадурскага, — для засцярогі палічыў патрэбным падтрымаць гэтую камедыю наш герой. — Ён… мой сябар. Даруйце, калі я не зразумеў ваша пытанне.