Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 14

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Ах, дык вы не зразумелі майго пытання?! — раптам закрычаў Скарлоцы. Гэта быў ужо напад. — Ну вядома ж! Вы не зразумелі майго пытання!..

Бока не спрабаваў спыняць яго, ён толькі падумаў з непрыязнасцю: «От каб аддзяжыць цябе, скандаліста, за твой доўгі нос!»

Крык Скарлоцы пачулі вершнікі, што ехалі паперадзе. Пачула яго і панна. Яна першая завярнула свайго каня і галопам паімчалася назад.

— Блазнюк! — ужо не на жарт раз'юшыўшыся, крычаў Скарлоцы. — Я адразу заўважыў, што ты вытрэшчваеш на яе свае вочкі!

— Што здарылася? — падскакаўшы, запыталася панна і гэтак рэзка спыніла каня, што той узняўся на дыбкі.— Пан Скарлоцы, вы, я бачу, зноў за сваё! Што за бестактоўнасць!.. Вы перапалохалі ўсіх нашых гасцей! Але вам і гэтага мала! Цяпер не спадабаўся пан Вальдэмар!.. Ну годзе! Яго я крыўдзіць не дазволю! У сваім маёнтку вы можаце ўчыняць якія хочаце скандалы! Але тут!.. Я забараняю вам чапляцца да нашага госця!

Па ўсім было відаць, што Скарлоцы перад паннаю страчваў сваю сілу. Прысаромлены, італьянчык умомант перамяніўся: бездапаможная ўсмешка перакрывіла яго твар. Мабыць, адчуўшы, што занадта перастараўся, ён паспяшаўся знікнуць. Сцебануўшы свайго скакуна, ён паімчаўся" наперад, пакідаючы за сабою клубы пылу.

Да тых, што адсталі, пад'ехалі Шадурскі і Сліва.

— Што здарылася? — запытаўся Шадурскі.

Тата, гэта нельга цярпець! Пана Скарлоцы проста немагчыма выправіць! — Голас у панны дрыжаў.

— Ну-ну, дачка, супакойся, — здагадаўшыся ў чым справа, адказаў ёй Шадурскі.— Хіба ты не ведаеш пана Скарлоцы? Ён калючы, як дзікабраз.

— Мне боязна за нашага новага госця. Пан Скарлоцы пазавіхаўся ўжо і тут.

Шадурскі незычліва паківаў галавою. Потым, паказаўшы ў бок толькі што зніклага вершніка, звярнуўся да хлопца:

— Гэта дзівак. Даруйце яму, пан Вальдэмар. Ён проста страшэнна закаханы ў маю дачку. Будзьце вышэй за прычэпкі звычайнага раўніўца.

— Здзіўляюся, як ён яшчэ па зямлі ходзіць пры такім характары. — Да Бокі пачало вяртацца супакаенне.

— Ён чатырнаццаць разоў выклікаў мяне на двубой, — прызнаўся Сліва.

— І вы не правучылі яго? — усклікнуў хлопец.

— Ды не, я проста ігнараваў ягоныя выклікі,— шчыра прызнаўся таўсмач. — Жыццё — цудоўная рэч, пагадзіцеся!

— Сорамна, пан Сліва, — адазвалася на гэтыя словы панна Яніна, — вы кожны раз проста баяліся.

— А я лічу, што пан Сліва рабіў як трэба, як разумны чалавек, — разважыў Шадурскі.— Раю і вам, пан Вальдэмар, не рэагаваць на наскокі нашага задзіракі. Яго гарачка гэтак жа хутка мінаецца, як… выкіпае малако.

— Твая літасць, тата, бязмежная, — усё яшчэ злавалася панна. — Пан Скарлоцы — нахаба. І яго даўно трэба было правучыць. Проста сярод нашых суседзяў не знайшлося пакуль што аніводнага сапраўды смелага пана. — Яна нечакана звярнулася да Бокі: — Што ён вам сказаў? Ён пагражаў?

Нашаму герою прыемна было адчуваць турботы гэтых людзей. Ды найбольш прывабнаю была для яго ўвага самой панны. Яму захацелася сказаць ёй што-небудзь ласкавае.

— Ды не, — адказаў ён, — да пагрозы не дайшло. Дзякуй, што паспелі. Здаецца, ён напраўду прыраўнаваў мяне да вас. Гэта было так неспадзявана. Ён накінуўся, як тыгр з пасткі.