Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 17

Юрий Аркадьевич Татаринов

Бока ўскрыкнуў ад болю. Панна спехам спаўзла з яго і ўкленчыла перад ім. Зазірнуўшы хлопцу ў вочы, яна запыталася:

— Я вас выцяла?

Бока павярнуўся і сеў. Паціраючы галаву, ён адказаў:

— Не вы, а ваша стрэльба. Яна вылецела з похвы, як страла з лука.

— Ох, гэта няўдалая стрэльба! — са злосцю сказала панна. — І навошта я яе ўзяла!.. Даруйце, пан Вальдэмар, я не хацела.

Жадаючы заспакоіць госця, яна нахілілася і пацалавала яго ў шчаку. Абое адразу ж знерухомелі, як каменныя ідалы. Бока нават забыўся пра тое, што выцяўся. Здаецца, толькі ў гэтую хвіліну ён па-сапраўднаму скеміў, што перад ім не актрыса, не манекен, не механічная лялька з мінулага, а жывая, з плоці і крыві, дзяўчына. Вусны ў панны былі пругкія і цёплыя, а вочы свяціліся такою пяшчотаю, што ў хлопца развеяліся апошнія сумненні. Яму захацелася паўтарыць пацалунак. І ён працягваў узірацца панне ў вочы. Яна, падалося хлопцу, здагадалася пра яго жаданне. Міжволі яны падаліся адзін да аднаго…

Але тут пачуўся моцны тупат. Бока і панна азірнуліся — яны ўбачылі, што да іх імкліва набліжаецца Скарлоцы. Праз колькі імгненняў той быў ужо побач. Вочы ў раўніўца блішчэлі, як у каршука, а нос быў белы і нагадваў склюд, якім, калі ўдала ўдарыць, здавалася, лёгка можна было сцяць праціўніку галаву. Услед за Скарлоцы перад парачкаю не забавіліся паўстаць Шадурскі і Сліва.

— Што тут у вас здарылася? — азіраючы тых, што сядзелі на зямлі, спытаўся гаспадар Асвеі.

— Нічога незвычайнага, тата, — адказала панна і, падняўшыся, пачала абтрасацца. — Проста мы абое зваліліся з коней.

— Зваліліся? — уперыўшы вочы то на яе, то на нашага хлопца, перарывістым голасам спытаўся Скарлоцы. — Абое?

— Спадзяюся, што пасля падзення я не страціла рэпутацыю добрай наезніцы? — звярнулася панна да бацькі і гасцей.

— Ды не, — адазваўся Сліва, — падзенне сапраўднага жакея не можа зашкодзіць яго рэпутацыі.— І тут жа глыбакадумна дадаў: — Тым больш падзенне, што мае важную прычыну…

Панна Яніна ўсміхнулася, упадабаўшы гэты намёк. Але тое, што ў яе выклікала прыемныя эмоцыі, ушчэнт узлавала раўніўца. Пабліскваючы вачыма, Скарлоцы завярнуў свайго жарабка і паскакаў наперад, даўшы ўсім зразумець, што ён дужа ўзлаваны. Усе пачулі, як, ад'язджаючы, ён працадзіў праз зубы:

— Хлапчук!.. Ён у мяне дачакаецца!..

Яшчэ колькі хвілін вершнікі рухаліся па дарозе. Потым павярнулі ў лес. Калі выехалі на вялікую паляну, сабакі спудзілі першага зайца. З брэхам і віскатам яны кінуліся за ім усе адразу. Адзін з лёкаяў затрубіў у рот — даў сігнал, каб за сабакамі падаваліся і вершнікі. Паны, здымаючы на хаду стрэльбы, рассыпаліся ланцугом на паляне. Пачулася традыцыйнае «ату!». Аднак вельмі хутка ўсе зразумелі, што пагоня за зайцам у гэтым месцы немагчымая, — той забег у самы гушчар. Сабакі, скавычучы ад злосці, працягвалі даганяць яго. Але хуткасць яны ўжо страцілі. Паляўнічыя ж наогул вымушаны былі спыніцца.