Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 12

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Ну так, — успомніў гаспадар. — Ну вядома ж… Панове, будзе вам і яблыня. Галоўнае, паўтараю, не апынуцца зноў у гэтакім вядомым і прывабным для нас месцы — у склепе.

Гэтая перасцярога выклікала новы ўзрыў смеху. Яна прымусіла сяброў нарэшце разысціся. Панна, адыходзячы, нават падскоквала ад радасці.

— Праз чвэрць гадзіны прашу ўсіх уніз! — затрымаўшыся каля дзвярэй, абвясціў Шадурскі.

Бока зноў застаўся адзін. «Калі гэта не камедыянты, то — хто?» — пытаўся ён сам у сябе. Яго здзіўляла, што гэтыя людзі паводзяць сябе гэтак непадробна ды натуральна. «Не дужа падобныя яны на актораў», — прызнаўся ён у думках.

V

Па параднай лесвіцы Бока спусціўся ў прыхожую, а потым ужо выйшаў на двор.

На шырокім гравійным пляцы перад ганкам панавала ажыўленне. Сюды прывялі цэлы тузін паляўнічых сабак. Выжлы ляталі па двары, гальцалі адзін за адным. Сваёй мітуснёю яны як бы прыспешвалі людзей, заклікалі як хутчэй выпраўляцца ў дарогу. Крыху наводдаль якіясьці барадатыя людзі трымалі за аброці асядланых коней. Боку здзівілі іх апранахі. Людзі былі ў палатняных кашулях, у гэтакіх жа портках. «Калі Шадурскі называе сябе панам, гаспадаром Асвеі, то гэтыя малойцы, мабыць жа, ягоныя падданыя», — падумаў ён і міжволі ўсміхнуўся. Ён усё яшчэ лічыў тое, што адбываецца, розыгрышам.

Бока кінуў пагляд на велічны будынак палаца. Ён уяўляў сабою цэлую сістэму злучаных паміж сабою галерэямі пабудоў і па форме нагадваў птушку з распасцёртымі крыламі. Фасад цэнтральнага будынка ўпрыгожвалі пілястры. На хвілінку Боку падалося, што ён дзесьці ўжо бачыў гэтыя аздобы…

Ён зноў азірнуўся на коней. Прадчуванне таго, што давядзецца праехацца конна, не прыносіла яму прыемных эмоцый. Ніколі раней ездзіць конна ён не спрабаваў.

На ганку адзін за адным пачалі з'яўляцца тыя, з кім нашаму герою толькі што давялося пазнаёміцца. Яны былі ў касцюмах паляўнічых і са стрэльбамі. Лёкаі падвялі коней да ганка. Паны ўзяліся парадкаваць стрэльбы.

— Я загадаю, каб вам прынеслі дубальтоўку, пан Вальдэмар, — прапанаваў Шадурскі Боку.

— Не-не, — паспяшаўся адмовіцца хлопец. — Не трэба. — Ён слушна разважыў, што калі лёс хоча выпрабаваць яго ў сядле, то няхай гэта здарыцца без дадатковых нязручнасцяў.— Я еду проста дзеля кампаніі.

— Як вам захочацца, — адказаў Шадурскі і, уставіўшы нагу ў стрэмя, спрытна ўсеўся ў сядло.

Услед асядлаў каня Скарлоцы. Трохі забавіўся Сліва, — нарэшце яму дапамаглі зрабіць тое ж самае трое лёкаяў.

Падвялі каня і да Бокі. Ён асцярожна ўскарабкаўся на яго з дапамогаю лёкая. І тут з ім здарылася тое, што можа здарыцца хіба што з навічком. Чуйны конь зрушыў з месца — і хлопец ледзь не зваліўся долу, у апошняе імгненне ён згадаў, што ў сядле трэба трымацца з дапамогаю ног…

На ганку з'явілася панна Яніна. Бока адразу не пазнаў яе. Яна была апранута ў карычневую скураную куртку з махрамі і чорныя, што аблягалі клубы, рэйтузы, а на нагах у яе былі светлыя батфорты са шпорамі. Апрача таго, на галаве ў панны красаваўся шыракаполы капялюш.

— Тата, а чаму пан Вальдэмар без стрэльбы? — адразу ж запыталася панна.