Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 101

Юрий Аркадьевич Татаринов

Старая княгіня сказала пра пагібель у алегарычным сэнсе, маючы на ўвазе вечнае асуджэнне. Але панна Марыя ўспрыняла гэта інакш. Незнарок кінутая фраза рэхам паўтарылася ў яе свядомасці. На гэты раз панначка не вытрымала. Яна паднялася і рашучым голасам адказала:

— Мяне няма ў чым вінаваціць! І не смейце зневажаць мяне! Вы нічога не ведаеце!..

Панна Марыя дала ёй зразумець, што яна самастойная ў сваіх паводзінах і што падпарадкоўвацца нікому не збіраецца. Твар панначкі палыхаў румянцам, а вочы выказвалі рашучасць і ўпартасць. Не жадаючы працягваць размову, якая зневажала яе, панна Марыя павярнулася і выйшла з будуара.

Калі дзверы зачыніліся, княгіня адкінулася на спінку крэсла. Чорныя зрэнкі яе вачэй забегалі, як ртутныя шарыкі. Яе ахапіў гнеў: даўно ніхто не пярэчыў ёй, і яна гатова была разарваць панну Марыю. Княгіня ўдарыла кулаком па падлакотніку крэсла і прашыпела:

— Ну што ж, давядзецца мне з табою паваяваць.

XV

У тую ноч панне Марыі прысніўся зноў Ян…

Яны прайшлі з ім па паркавай алеі, перабраліся праз мост, пасля чаго апынуліся на паляне перад Паповай горкай. Іх маніла да сябе каплічка. Здалёк ад яе зыходзіла ззянне, быццам ад узыходзячага на гарызонце сонца. У панны Марыі было такое адчуванне, быццам яна лятала над зямлёю. Ёй было лёгка, яна адчувала сябе вольнай і шчаслівай. Ян ішоў побач з ёю, паглядваў на яе і стрымана ўсміхаўся. Гэтая яго ўсмешка — такая знаёмая ёй — памнажала яе асалоду. Панначка была ўпэўнена ў яго вернасці. Не адрываючыся, яна глядзела на яго, і ёй хацелася пераймаць яго. Лёгка, не кранаючыся зямлі, яны ўзабраліся на ўзгорак, прыблізіліся да расчыненых дзвярэй капліцы. Пазалочаны купал, крыж, вокны і сцены зіхацелі так, што асляплялі вочы.

Зайшоўшы ў капліцу, панначка і Ян апусціліся ў цэнтры залы на калені. Абодва пераглядваліся, перасмейваліся, быццам шчаслівыя дзеці. Яны з'явіліся сюды, каб павянчацца. Усміхаючыся, яны прыблізіліся адно да аднаго, пакуль, нарэшце, не апынуліся ў абдымках. Асалода абдымкаў прымусіла іх забыцца…

Але ў хуткім часе нешта быццам бы штурханула абоіх: яны пачулі стогны, пасля чаго імгненна ўскочылі і азірнуліся. Толькі цяпер панначка ўбачыла, што паўз сцен ляжаць на гранітнай падлозе нейкія людзі ў адзенні з суровага палатна. Нехта стагнаў, нехта працягваў рукі, молячы аб дапамозе. Прыціскаючыся адно да аднаго, панна Марыя і Ян паспрабавалі выбрацца на вуліцу. Але тут высветлілася, што зрабіць гэта не так ужо і проста: ім не было дзе ступіць! Людзі падпаўзалі і хапалі іх за адзенне. Радасць парачкі змянілася страхам. Ногі іх зрабіліся цяжкімі і перасталі слухацца. І ўсё ж такі закаханыя з вялікімі намаганнямі прабіраліся да дзвярэй. Нарэшце нехта заплёў ім ногі. Абодва паваліліся і ў той жа час пераўтварыліся ў цені. Панначка азірнулася і ўжо не ўбачыла свайго Яна. І тады яна закрычала! Аднак і тут здарылася невытлумачальнае: яна не пачула свайго голасу! Толькі ціхі стогн вырваўся з яе грудзей. Ёй стала цяжка дыхаць, цяжка было ўзняць рукі, галаву. Здавалася, што яна правальваецца ў пашчу нейкай пропасці…