Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 102

Юрий Аркадьевич Татаринов

Прачнуўшыся, панна Марыя ўжо да раніцы не магла заснуць. Сон, такі шчаслівы ўпачатку, перапыніўся на сапраўдным кашмары. Разам з прабуджэннем да яе вярнуліся невясёлыя думкі. Са шкадаваннем яна падумала пра тое, што ёй няма з кім падзяліцца: ні пан Гнезскі, ні пан Кржыш, якімі б добрымі яны ні былі, не змогуць вярнуць ёй ранейшага супакаення. Гэта мог зрабіць толькі Ян. Упершыню яна адчула пачуццё болі ад адзіноты…

XVI

Пан Гнезскі прыйшоў у захапленне, калі ўбачыў новую белую сукенку панны Марыі. Доўгая, карункавая, яна была ўпрыгожана на грудзях тонкаю залатою вышыўкаю, якая была працягам завітых у локаны валасоў, якія рассыпаліся па яе плячах. Тонкая шыя панны Марыі была адкрытая і, як патрабаваў этыкет дзявоцтва, без упрыгажэння.

Гнезскі так і прытанцоўваў вакол панначкі. Ён прымушаў яе то сесці ў крэсла, то стаць каля акна або сцяны. Ён не адрываў ад яе свайго позірку. Тонка адчуваючы прыгажосць, мастак заўсёды пры сустрэчы з паннай Марыяй моцна хваляваўся. У такія хвіліны на яго находзіла натхненне. Яму хацелася працаваць: ён спяшаўся адлюстраваць тое, што здавалася яму мімалётным, непаўторным. Яму хацелася выказаць тое, што ён бачыў на свае вочы. Але ён не ўмеў прыгожа гаварыць, таму выказваў сваё захапленне з дапамогаю бясконцых эскізаў.

Маладую панну смяшылі яго паводзіны. Яна не магла лічыць мастака старым. Але наўрад ці разумела яна, якую страсць абуджала ў гэтага эмацыянальнага, уражлівага чалавека.

— Ваша сукенка проста цудоўная! — гаварыў Гнезскі.— Незвычайна цудоўная. Не хапае толькі…— ён раптам прыпыніўся, пачасаў затылак, — не хапае толькі нейкай невялічкай дэталі, штрыха, кропкі.

Здавалася, быццам ён размаўляў сам з сабою. Панна Марыя не разумела яго. Сукенка сапраўды была цудоўная. І яна ведала, што белы колер ёй да твару. А таму незадаволенасць мастака бачылася ёй дзіўнай.

— Трымайце. — Гнезскі падаў ёй чорны веер. — Развярніце… Так… Так… Не! Давайце сюды.

Ён забраў веер і падаў панначцы капялюшык з пяром.

— О не! Далоў! — тут жа патрабаваў ён, загадзя ўбачыўшы, што капялюшык не падыходзіць.

Штосьці, бясспрэчна, хвалявала яго. Ён адышоў у зацененую частку майстэрні, туды, дзе захоўваліся мальберты і палатно, сеў на стул і, гледзячы на панначку, вінавата ўсміхнуўся.

— Не атрымоўваецца, — прызнаўся ён.

Панне Марыі стала шкада яго. Яна хацела сказаць яму што-небудзь ласкавае. Але Гнезскі раптам ускочыў, падбег да стала і ў запале ўдарыў па ім кулаком! Вазон, які стаяў пасярэдзіне стала, падскочыў, нібы жывы, і перакуліўся…

Мастак сабраў мокрыя чырвоныя ружы, якія рассыпаліся па стале, і, падбегшы, падаў іх панне Марыі.

— Трымайце, — сказаў ён.

І тут жа зноў заняў месца ў кутку майстэрні. Яго вялікія вочы, здавалася, блішчэлі ў цемры. Панначцы здалося, быццам ён глядзіць не на яе, а на нейкае воблака, якое нібыта вітала побач. Яна раптам успомніла, што аднойчы ўжо бачыла такі позірк. Менавіта так глядзеў на яе Пахомій Лагафет у тую ноч, калі яна і Ян з'явіліся да яго. Ёй яшчэ здалося тады, што гэта позірк вар'ята. Панна Марыя замерла на месцы, яна нават і не заўважыла, як да крыві ўкалола сабе нейкай калючкай палец. Ёй зрабілася жудасна…