Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 103

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Так, так, — аналізуючы толькі яму аднаму вядомыя вартасці і недахопы, гаварыў Гнезскі.— Паглядзіце на ружы.

Панна Марыя паслухмяна выканала яго просьбу. Яна з задавальненнем удыхнула арамат кветак. І ў той жа момант ёй успомнілася яе вёска. Колькі кветак вырошчвалася ў яе парку! На імгненне яна забылася шчаслівым успамінам…

— Менавіта тое, што трэба! Не будзь я Гнезскі! — Павесялелы голас мастака вярнуў яе да пенатаў замка. — Прашу вас! Вельмі прашу! Глядзіце на кветкі!

Ён зноў замітусіўся, падбег да панначкі, дакрануўся да яе лба. Потым падышоў да станка, дзе загадзя было замацавана палатно і, схапіўшы графіт, пачаў рабіць эскіз будучага партрэта.

— Тое, што трэба, — паўтарыў ён. — Прашу вас! Вельмі прашу!..

Панне Марыі хацелася спытаць, аб чым менавіта ён просіць яе. Але яна разумела, што ў гэтыя хвіліны пан Гнезскі са сваімі думкамі недзе вельмі далёка і што ёй варта цяпер маўчаць.

— Дзякуй, Госпадзі! Дзякуй за падказку, — мармытаў мастак, кідаючы кароткія позіркі на панначку. — Гэта знаходка! Сапраўдная знаходка!..

Калі першы ўсплёск натхнення скончыўся, майстар адлажыў убок графіт, выцер пот са свайго бледнага лба і з усмешкай зазначыў:

— Абяцаю: кожную раніцу ў вас будзе букет свежых ружаў.

У адказ панна Марыя толькі нясмела ўсміхнулася, яна ўсё яшчэ асцерагалася, што можа памяшаць пану Гнезскаму.

XVII

Гэтую раніцу панне Марыі азмрочыла сустрэча з княгіняй.

Панначка выйшла з апартаментаў мастака, і раптам пачуўся крык. Жадаючы даведацца, што адбываецца, яна заспяшала на голас і ўжо здалёк зразумела, што княгіня прабірае адну са служанак.

— Гэта княжацкі дом, а не канюшня! — гучна гаварыла тая. — Я не дазволю разводзіць тут гразь! Я прымушу цябе языком злізваць гэты пыл!

Раней панне Марыі не даводзілася чуць падобнае ад княгіні. Гаспадыня замка да ад'езду князя паводзіла сябе ціха. Панначка ўвайшла ў залу і, убачыўшы княгіню і служанку-дзяўчынку, звярнулася да раззлаванае пані:

— Чым вы так разгневаны, ваша міласць? Што здарылася?

Яе нечаканае з'яўленне на хвіліну ўціхамірыла княгіню. Тая разгублена азірнулася на панначку, быццам бы спытаўшы ў яе позіркам: «Што табе тут трэба?» Потым, трасучы падбародкам, грозна сказала:

— Не ўмешвайся. Гэта цябе не тычыцца.

— Я не ўмешваюся, — сама здзіўляючыся, адкуль у яе столькі смеласці, адказала панна Марыя, — проста хачу спыніць беспрадметную лаянку. Непрыстойна панне вашага ўзросту і становішча так паводзіць сябе ў прысутнасці прыслугі. Тым больш што ў суседніх пакоях дзесяткі іншых слуг, і яны добра чуюць кожнае ваша слова. Паверце, вашы дзеянні абражаюць вас у іх вачах.

— Абражаюць?.. — Княгіня была яўна здзіўлена. — Ты гаворыш пра знявагу да мяне?.. Хох, небарака, хто замуціў табе галаву падобнай лухтой? Дык гэта ж мая нявольніца! Мая рэч!

— Сапраўды, ваша нявольніца, — спакойна пагадзілася маладая панна. — І я ўпэўнена, што вы абражаеце сябе перад ёй.