Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 100

Юрий Аркадьевич Татаринов

Пачуўшы апошнія словы, панна Марыя пераканалася, што княгіня бачыла яе раніцою з Янам. Трывога яе ўзмацнілася.

— Не думаю, што ты так хутка забудзеш гэтага прыгожанькага нявольніка, — заўважыла княгіня. — На тваім твары можна было прачытаць такую асалоду! І ўсё-такі табе прыйдзецца яго забыць. Завядзі лепш сабе сабачку.

Міжволі з вачэй панны Марыі паліліся слёзы. Яшчэ ніколі так адкрыта не тапталі яе святых пачуццяў. Яе прыгняталі не толькі словы княгіні, але і з'едлівы яе тон. Аднак апраўдвацца яна не збіралася.

— Бачу, ты не разумееш мяне, — як бы чытаючы яе думкі, даводзіла сваё княгіня. — Ладна, скажу прасцей. Твая няхай сабе хоць і мізэрная фрывольнасць у адносінах з гэтым халопам зневажае нас з князем. Падумай пра асуджэнні, якія могуць пасыпацца на Эрдзівілаў! Ёсць гразь, якую не можа змыць нават час!

Панна Марыя закрыла твар далонямі, заплакала. Яна не лічыла сябе вінаватаю і не заслугоўвала такога папроку. І потым, з абурэннем думала яна, няўжо яе пачуццё можна назваць «фрывольным»! Яна і Ян ведалі адно аднаго з дзяцінства. Няўжо вінавата яна ў тым, што сэрца яе так прыкіпела да гэтага хлопца! Што магла яна цяпер змяніць!.. Панна Марыя раптам падумала, што ёй, нягледзячы ні на што, варта трымаць сябе ў руках, бо, праяўляючы слабасць, яна дае повад княгіне пераканацца ў яе вінаватасці. Яна ўзяла хустачку і старанна выцерла рэшткі слёз.

Так і не дачакаўшыся апраўданняў, княгіня прадаўжала:

— Мы, Эрдзівілы, з асобай гліны. На нас глядзяць усе. А таму нам варта асабліва клапаціцца аб сваім гонары. Таму я і папярэджваю цябе: узваж свае паступкі і навучыся паводзіць сябе прыстойна, як прадстаўніца знакамітага роду. Пасля будзе позна. Калі ты не прыслухаешся да маёй парады, ты загінеш.