Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 99

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Я буду лічыць кожны дзень, — ціха сказала яна. — Вяртайцеся як найхутчэй.

Князь не адказаў; было сумна да болю. Сягоння ўпершыню яму падумалася, што можна было б узяць пляменніцу з сабою. Жадаючы хутчэй скончыць сумны рытуал, ён раптам павярнуўся, звякнуў шпорамі і пакрочыў да карэты. Слуга адчыніў перад ім дзверку.

Пан Чаляднік, хаваючы ўсмешку ў пышных вусах, прагудзеў, звяртаючыся да праважатых:

— Ну, брація, пажадайце нам таго, чаго і сабе жадаеце! Поспеху, здароўя! І да хуткай сустрэчы! — Ён пакланіўся княгіне: — Да пабачэння, ваша міласць. — Потым павярнуўся да панначкі: — Пажадайце нам што-небудзь на развітанне. Як скажаце, так яно і будзе. Панна Марыя з усмешкаю адказала:

— Хай у дарозе будзе ў вас усё добра! Прыказчык азірнуўся на слуг, якія высунуліся з акон экіпажаў.

— Чулі? — самазадаволена гаркнуў ён. — Панначка жадае нам шчаслівай дарогі!

— Здароўя і шчасця яснавяльможнай панне!.. — чуліся развітальныя словы. — Цяпер ужо нам, бясспрэчна, будзе ўдача!

Здаецца, нібы хто крануў нейкую жывую струну: навокал загаварылі, заківалі, заўсміхаліся. У словах панны людзі адчулі шчырае спачуванне.

Тым часам князь зрабіў адмашку прыказчыку. Пан Чаляднік узлез на козлы да фурмана і, адшукаўшы позіркам трубача, моўчкі кіўнуў яму. Трубач па-маладзецку выпраміўся і падняў трубу з замацаваным на ёй сцягам. Над плошчаю прагучаў сігнал. Па знаку пана Чалядніка наперад паскакалі пяцёра коннікаў з дружыны, у тым ліку і трубач. За імі, не спяшаючыся, рушыў галоўны экіпаж. Варлампій азірнуўся, памахаў усім, хто праводзіў. За карэтаю паследавалі іншыя экіпажы. Замыкалі працэсію коннікі з дружыны.

Правёўшы поглядам карэту князя, панна Марыя пачала ўглядацца ў вокны экіпажаў. У нейкае імгненне ёй здалося, што яна ўбачыла Яна. Яна зрабіла некалькі крокаў наперад — але тут жа спынілася ад суровага позірку княгіні Ізабэлы. Тая, прыжмурыўшыся, з падазрэннем глядзела ёй у вочы, жадаючы прачытаць хвалюючыя яе думкі. Панна Марыя ўздрыгнула і адступіла. Яна пакутавала…

XIV

Правёўшы князя, панна Марыя паднялася да сябе. Але доўга ёй заставацца адной не давялося. У хуткім часе ўвайшла Агнешка і далажыла:

— Вас просіць княгіня.

Панна Марыя здагадвалася, пра што можа быць гаворка з княгіняю. І гэта здагадка міжволі нараджала ў яе душы пратэст. З маленства яна прывыкла паступаць так, як лічыла неабходным, і гатова была даць адпор замаху на яе свабоду.

Княгіня сядзела ў вялікім, падобным на трон, малінавым крэсле, абабітым парчою. Над ёю ўзвышаўся шаўковы балдахін у выглядзе купала турэцкай мячэці. Вокны яе будуара, нягледзячы на тое, што набліжаўся поўдзень, былі надзейна завешаны шторамі. Невялікі крыж, які вісеў за крэслам на сцяне, нагадваў паўзучую змейку.

— Сядай, мілая, — княгіня наказала на крэсла, якое стаяла значна далей ад яе.

Зварот «мілая», «мілачка» з самага пачатку абураў панну Марыю. Яна ведала, што менавіта так княгіня звяртаецца да слуг.

— Размова пойдзе пра цябе. Цяпер, калі мы засталіся ўдзвюх, нам міжволі прыйдзецца пасябраваць. Па гэтай прычыне я адразу хачу выкласці табе свае меркаванні. І жадаю, каб ты зразумела мяне. — Яна памаўчала, збіраючыся з думкамі, затым прадоўжыла: — Гасподзь пакінуў нам запаведзі, даў статут. Мы — чарвякі яго і абавязаны выконваць яго волю. У іншым выпадку мы рызыкуем угнявіць яго. Ён сказаў маліцца — і мы молімся, кожны дзень ухваляючы яго. Ён сказаў не блюзнерыць — і адданасць наша яму памнажаецца. Але ёсць і іншыя яго законы, якія пакінуты нам для выканання. Спакон веку існуе два саслоўі: вышэйшае і ніжэйшае, улада і рабы. Так было і так будзе. Той, хто імкнецца змяніць або ўнесці крыўду ў гэта — ці то раб, ці то ўладар, — той ідзе супраць Бога. Ты належыш да роду, які па сваёй магутнасці, вялікасці і славе не ўступіць нікому другому. Гэта наша ўласная годнасць перад другім! Не гардыня правіць намі, а ўмоўнасці і законнасці свету, у якім мы знаходзімся. Мы — з саслоўя ўлады! А таму нам у першую чаргу варта захоўваць гэтыя ўмоўнасці і законнасці. Невыкананне іх — такі ж грэх, як і парушэнне запаведзяў. Запомні раз назаўсёды, мілачка: калі ты знакамітага роду, то і жыць павінна па законах гэтага роду. Магчыма, князь яшчэ не гаварыў з табою пра гэта. Што ж, прымі гэта ад мяне. Запомні: адна твая ўсмешка халопу ў многа разоў больш вялікі грэх, чым тваё распараджэнне пакараць сотню халопаў.