Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 98

Юрий Аркадьевич Татаринов

Панна Марыя некалькі разоў спрабавала спыніць яго. Але жаданне выслухаць было вышэй яе сілы. І яна слухала менавіта так, як некалі слухала яго музыку і яго песні.

…Знікнуць цывілізацыя, людзі, забудуцца словы, аднак навекі застанецца маё пачуццё да вас. Лятаючы пад нябёсамі, яно дасць жыццё новаму свету: запаліць новае сонца, ачысціць ад попелу зямлю. О панна, мая панна!..

Панне Марыі хацелася падарыць Яну хоць кроплю надзеі. Але яна разумела, што перш-наперш ёй трэба вярнуць яго з аблокаў на зямлю.

— Абяцай, што сумленна выканаеш волю князя, — папрасіла яна. — Абяцай.

— Ні князю, ні вам, мая пані, чырванець за мяне не давядзецца, — упэўнена адказаў Ян.

А цяпер выслухай. Кожны божы дзень я буду ў думках пасылаць табе прывітанне і пажаданне ўдачы. — Гледзячы Яну ў вочы, панна Марыя ўсяляла ў яго свае абяцанні.— На ўсё астатняе хай будзе воля Госпада. Не будзем даваць клятвы і зараканні. Час праверыць нас. І дапаможа нам. — І яна тройчы перахрысціла каханага: — Дапамажы табе Госпадзі! Дапамажы табе Госпадзі! Дапамажы табе Госпадзі!

Так сваёю стрыманасцю адорвала яна надзеяй на лепшае як Яна, так і самаё сябе.

XIII

Перад заезнай замкавай аркаю, на плошчы, выстраіўся цэлы ланцуг экіпажаў. Тут жа сабраўся вялікі натоўп слуг. Праводзілі князя і яго світу. Падобныя провады адбываліся, звычайна, два разы ў год: восенню і ранняю вясною, калі князь ад'язджаў у Варшаву. Слугі плакалі.

А на тое была прычына: паўнапраўнаю гаспадыняю ў замку на час ад'езду была княгіня. Ужо сягоння няшчасныя прасілі Бога, каб князь вярнуўся хутчэй.

Галоўны экіпаж, запрэжаны, як звычайна, чацвёркаю адборных жарабцоў, стаяў каля моста праз роў. Пакуль сваё месца займаў толькі фурман. Іншыя экіпажы былі ўжо гатовы да адпраўкі. У экіпажах размясціліся кухары, слугі і моладзь, якую князь вёз на вучобу. У адным з іх знаходзіўся Ян. Акрамя таго, на плошчы гарцавалі, выхваляючыся сваім абмундзіраваннем, дзесяткі два коннікаў. Гэта былі княжацкія дружыннікі. У кожнага на касцюме красавалася пярэстая вышыўка герба Эрдзівілаў. Усе чакалі сігналу адпраўкі.

У цэнтры плошчы стаяў князь Станіслаў, яго жонка, панна Марыя і пан Чаляднік. Прыйшлі развітацца пан Гнезскі і пан Кржыш. Выканаўчая, што тычылася этыкету, княгіня Ізабэла гаварыла князю:

— Успамінайце сваю жонку. Паведамляйце аб сабе. — Пры гэтым выраз яе твару заставаўся суровым, быццам яна судзіла.

Князь глядзеў кудысьці міма яе, у бок замка. Здавалася, ён пытаўся: «А ці так неабходна яму некуды ехаць? А можа, лепш застацца?» Цяпер, калі ў замку пасялілася пляменніца, ён ужо не так рваўся з дому. Яму здавалася, што жыццё яго змянілася. Пасля доўгай спячкі ўпершыню прачнулася і засвяціла цёплымі промнямі надзея… Ён перавёў позірк на пляменніцу. Усмешка кранула яго хударлявы твар. Панна Марыя глядзела на яго шырока адкрытымі вачамі і як бы прасіла: «Застаньцеся». Эрдзівіл зрабіў крок і, узяўшы яе руку, пацалаваў кончыкі пальцаў. Панна Марыя ўсміхнулася, і ў той жа момант на яе вейках заблішчэлі слязінкі.