Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 40

Алексей Николаевич Якимович

— У той змяі во якая пашча была! — падаў голас Мацей. — Казаў я: змяю не злаві.

— Не трэба! Не трэба! — крыкнуў Янка.

— Не будзем, Яначка. Не будзем, — спалохаўся Мацей. — Я вам раскажу пра князя дрыгавіцкага Міраслава і ягонага сына Славуту. Мне Ясь расказваў. Даўно тое было. Калі бажкоў у лес праганялі.

— Якіх бажкоў? — не зразумела Алеся.

— Тых, даўніх. Рода, Рожаніцу, Перуна… Князь Міраслаў заступаўся за бажкоў, шкадаваў, а Славута быў заадно з тымі, хто іх праганяў. Адрокся ад бацькі, да ягоных ворагаў — князёў пайшоў служыць. Да тых, якія бажкоў у лес праганялі.

— Во сынок! — не стрымалася Алеся.

«Добру траву людзі сеюць, а дрэнна сама расце», — падумаў Янка, міжволі прыслухоўваючыся да іхняй гамонкі.

А Мацей баіць, не спыняецца:

— Аднаго дня, калі дружына князя Міраслава вярталася з паходу, Славута са сваімі воямі напаў на іх, засыпаў стрэламі. Бачыць Міраслаў: падаюць яго дружыннікі. Горка-горка заплакаў ён, скінуў з галавы шлем, востры меч вобзем, усклікнуў: «Родны сын стрэламі мяне закідае. Лепей загіну, чым такую ганьбу пацярплю». І пайшоў насустрач ворагу.

Янка ўявіў, як Міраслаў ідзе насустрач ворагу. Ляцяць, свішчуць вакол яго стрэлы. Адзін ідзе… Не кожны асмеліўся б. Відаць, не толькі за бажкоў ён заступаўся.

— Княскі ваявода Куфін крыкнуў: «Наш князь не ведае, што робіць ад гора. Звяжыце яго». Кінуўся, каб затуліць сабою, але не дабег, упаў. Працялі стрэламі.

«Кінуўся, каб затуліць сабою… — паціху паўтарыў Янка. — Кінуўся, каб затуліць… Як Ясь. І ён кінуўся, каб затуліць. Не пабаяўся змяі. А ці кінуўся б я?»

— Дрыгавіцкія воі быццам падужэлі,— расказвае Мацей. — Сабраліся з сілаю і — рушылі на сваіх ворагаў. Спалохаліся тыя, уцяклі. Славуту не ўдалося. Яго ў палон узялі. Прывялі да бацькі. Заплакаў Міраслаў і сказаў: «Я яму не суддзя. Няхай яго вешчуны судзяць». Выраклі вешчуны: «Ён смерць заслужыў, але апошні сын у Міраслава. Памілуем, калі вернецца да нашых багоў. Можа, і Міраслаў тады памякчэе. Бацькі дзецям даруюць часцей, чым дзеці бацькам». Сказалі гэта Славуту, а ён папрасіў, каб знялі ланцугі, у якія быў закуты. Калі знялі, то прамовіў: «Не магу вярнуцца да багоў, калі адмовіўся ад бацькі». Выхапіў у аднаго воя меч і працяў сябе. А Міраслаў захварэў ад гора.

— Страшна, — прамовіў Мацей. — Яначка, так? Янка глядзеў удалячынь. Ён не заўважыў, што на бараду спаўзла сляза. Кап — капнула на руку.

— Братка, ты плачаш? — запытаў Мацей. Янка моўчкі стаяў, прытуліўшыся да хваіны.

Чаму заплакаў? Сам добра гэтага не ведаў. Міраслава шкадаваў? Магчыма. Ён жа адзінага сына страціў. Сына, які мог бы героем стаць. Недарэчна сваё жыццё скончыў… Самагубца… Самагубцаў нават не хаваюць разам з тымі, хто памёр ці загінуў. Сам сябе мячом працяў. Ці не таму, што даўні Закон прашчураў парушыў? І яны нядаўна парушылі, калі Мацей Антона крыжаком абазваў. Выходзіць, няма апраўдання? Але ж апраўдалі Славуту. А ён ад бацькі адрокся… Ад бацькі адрачыся, што ад Радзімы. Яны ж толькі крыху парушылі. Парушылі… Як і Славута. Мог бы героем стаць. У песнях яго праслаўлялі б…