Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 38

Алексей Николаевич Якимович

А ў вушах гучыць: «Далёка да морушка, блізенька да горушка». Якая дзіўная песня! Маміна песня.

Сонца плямамі ў вачах. Заўжды свяціла, а цяпер плямамі. Як нядобра! Слабеюць рукі, вырываецца слізкае цела. Не, не адпушчу. Буду сціскаць. Чаму няма такой сілы, каб мог ваду з каменя выціснуць? Была б такая сіла…

Вясёлка ў вачах. Прыгожымі-прыгожымі праменьчыкамі ззяе, дрыгаціць… Ой, рэчанька, рэчанька… А-а-а… Маміна песня… Хто гэта пяе? Ён ці мама? А-а-а… А-а-а… Здаецца, ягоны голас…

Зноў вясёлка ў вачах. У вачах? Не. Гэта ён з мамай на агародзе стаіць, а над Шчарай вясёлка. Выцягнулася ад лесу, нібы дарога-дуга. «Ваду п'е», — кажа маці. «І з балота вып'е?» — цікавіцца ён. «Ха-ха-ха…» — смяецца маці. Смех такі лагодны! «Некалі вып'е», — смяецца яна. «А чаму тут балота?» — «Бацька сваю дачку замуж аддаў. Далёка-далёка. Чужая старана тугою арана, слёзкамі засявана. Сем гадоў не вялеў быць у хаце, у матулькі роднае», — уздыхае маці. «А яна?» — непакоіцца ён. «А яна… — маці туліць яго да сябе, туліць. — Яна на другое лета прыляцела шэраю зязюлькаю. Бачыць з вышыні: бацька ходзіць каля хаты з меншым братам. Села на грушу-дзічку і пачала кукаваць. Не даспадобы брату зязюльчына «ку-ку». Узняў лук, прыцэліўся… Узмахнула крыламі зязюлька, паляцела за вёску, заплакала горка- горка. Усе-ўсе лугі слязьмі заліла. Вось і стала балота, што ні праехаць ні прайсці». — «Вясёлка вып'е балота. Гэта брат у вясёлку ператварыўся», — сказаў ён. «Мажліва, — пагадзілася маці.— Няхай так будзе, як добрыя людзі кажуць».

Вясёлка… У вачах… Дрыжыць агеньчыкамі. Яму хочацца ўзняць рукі, гукнуць: «Бягу-у… Вясёлка, да цябе бягу…» Хочацца, але дыхаць цяжка, не сапнуць. А рукі нямеюць. Што ж такое важкае яны трымаюць? Калі апусціць? Будзе лягчэй? Канешне, будзе. А-а-а… Хто так крычыць? Няўжо вясёлка? Няўжо і ёй баліць? Няўжо ад таго, што слёзы п'е?..

Янка расплюшчыў вочы. Мацей нахіліўся над ім.

— Братка, братка…

Мацей побач. Але ж змяя… Што, калі накінецца на яго, пачне душыць? Дзе ж яна? Дзе?

— Братка! Ну й ты крычаў!

— Крычаў?

Галава нібы волавам налітая. І ў грудзях баліць. Няўжо змяя на грудзях? Ён страпянуўся.

— А-а-а…

— Не крычы. Братка-а…

Недзе знік Мацей. Алесін твар над ім. Заплаканы. Вунь як пісягі распаўзліся.

— Няма змяі. Яначка, уставай.

Няма. Выходзіць, выратаваўся? Жывы? Убачыць бацьку, маці? Няўжо жывы? Сонца свеціць. Не плямамі ў вачах. Ласкава свеціць. А дзе ж вясёлка? Вясёлкі няма? Дзе? Дзе?

— Яначка, уставай.

— Братка, уставай.

Алеся і Мацей. Блізкія і родныя. Просяць, каб устаў. Але ж страшна. Што, калі ўбачыць перад сабою шкляныя вочы і доўгі раздвоены язык?

— Янка, уставай.

Хто ж яшчэ нахіліўся? Дык гэта ж Ясь! Як ён тут з'явіўся? Здаецца, за раку, на балота пайшоў.

— Янка, уставай.

Ясь абхапіў яго за плечы, прыўзняў. Сонца свеціць, матылі лятаюць. Як і той раз, калі з мамай сядзелі, калі расказвала пра ваўчыцу, якая дзяцей няньчыць.

— Братка, табе не баліць?

Сонца свеціць, матылі лятаюць. Толькі яе, мамы, няма.

— А… А…