Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 2

Алексей Николаевич Якимович

Янка мінуў паваротку. Мацей і Алеся стаялі на беразе. Над імі імкліва насіліся патрывожаныя ластаўкі-беражанкі. Увесь гэты стромы бераг прасвідраваны норкамі-гнёздамі. Засунеш у такую норку руку — як ні старайся, канца не знойдзеш. Умеюць беражанкі свае гнёзды рабіць.

— На бераг вылазьце! — крыкнуў Алесі і Мацею.

— Вылезу, — усміхнуўся Мацей. Янка папракнуў:

— Эх ты! Калі чоўнам навучышся кіраваць?

— Я, я… — пачаў Мацей. Янка перапыніў яго:

— Не пераскочыўшы праз калоду, не кажы гоп. Хадзем збіраць шчаўе.

Шчаўе расло цэлымі купінамі. Маладзенькае, яно яшчэ не пайшло стаўбунамі. Яны рвалі лісцік за лісцікам і кідалі ў белыя палатняныя торбачкі.

— Вунь у мяне колькі,— пахвалілася Алеся, паказваючы сваю торбачку.

Янка пачаў назіраць за Алесяй. Спрытна ходзяць пальчыкі, нібы зубкі ў вавёркі.

— Праўда, што дзесьці ў лесе крыжакі? — нечакана прамовіла Алеся.

Янка аж сцепануўся. Казала перад гэтым маці:

«Ад берага не адыходзьцеся. Атрад крыжакоў па лесе блукае».

Звычайна крыжакі, ведаў ён, нападаюць, калі марозам балоты скуе. Апошні раз восенню нападалі, ды ледзь ногі іх вынеслі. А гэтыя, пра якіх казала маці, відаць, адбіліся ад сваіх, заблудзіліся. Лютуюць. «Шалёны атрад», — кажуць пра іх мужчыны-воі. Шалёны… Быццам звер, які ашалеў. Крывавы след пакідаюць. Нездарма на іхнім сцягу вымалявана Крывавая Рука.

— Не бойся. Нашы рыскуны гэтых крыжакоў шукаюць. Калі што, пададуць знак, — сказаў Янка.

— Я чула, што крыжакі ў белых балахонах. На гэтых балахонах чорныя крыжы. Праўда?

— Праўда, — азваўся Мацей. — Ёсць крыжакі, якія называюць сябе рыцарамі. Яны і іхнія коні ўсе ў жалезе. А яшчэ ёсць крыжакі — кнехты. Гэта слугі рыцараў, збраяносцы.

— Хто табе казаў?

— Ясь, — пахваліўся Мацей. — Ясь шмат ведае.

— Шмат, — пагадзіўся з ім Янка.

Так, Ясь хоць і малады, але бойкі, не раз і не два ў паход хадзіў. Калі сядзе на свайго Белалобага, вецер не дагоніць.

— А праўда, што ў крыжакоў пер'е на галаве? — пырснула ў далоньку Алеся.

— Не на галаве, а на шлеме, — заўважыў Янка. — Пер'е паўліна. Яго носяць самыя знакамітыя рыцары.