Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 37
Алексей Николаевич Якимович
А гэтая… Глядзіць не мігаючы, нібы кажа: «Нікуды не ўцячэш». Тонкі, доўгі, раздвоены на канцы язык бесперапынна высоўваецца, стараецца дацягнуцца да твару…
— Братка, уцякай! — гукнуў Мацей.
Янка анічога не чуў, анічога не бачыў, акрамя змяі. Патухла сонца, перасталі стракатаць конікі, заціхлі птушкі. Усе-ўсе галасы згінулі. Ён і сам знямеў, сам, не мігаючы, што гэта змяя, глядзеў на яе, сціскаючы з усёй сілы.
Ніхто з іх не сказаў бы, ці доўга так было. Відаць, нейкае імгненне. Змяя, тоўстай пугай свіснуўшы ў паветры, нечакана абвілася вакол яго.
Ён не ўтрымаўся, упаў на калені. Заняло дух. Кольца змяі абвівалася ўсё шчыльней.
— Не дамся! — вырваўся з ягоных грудзей зусім не дзіцячы крык.
Дыхаць стала лягчэй. Няўжо крыкам напалохаў? А мо сціснуў не па-чалавечы? Лягчэй… Лягчэй…
Абвязаны гэтым жывым кольцам, ён, хістаючыся, рушыў на бераг. У вочы свяціла сонца.
— А-а-а!.. — загаласіла Алеся.
— А-а-а!.. — заенчыў Мацей, даўшы лататы. Янка паволі, нібы пасля цяжкай хваробы, брыў па вадзе. Сонца сляпіла вочы. Не, яшчэ не патухла, яшчэ свеціць яно яму.
Змяя рванулася, імкнучыся вызваліць галаву. Ледзь утрымаў. Але раздвоены язык цягнецца да твару. Бліжэй, бліжэй.
— Яначка-а!..
— Братка-а!..
Як цяжка дыхаць! Як балюча! Нібыта жалезныя рукі абхапілі. Сонца жоўтымі плямамі ў вачах.
«Яначка, — аднекуль здалёку данёсся голас маці,— не хадзі адзін у лес». Маці, прыгажуня- чараўніца, стаіць на лузе, залітым промнямі сонца, а вакол матылі, матылі… Тут і там. Лятаюць, кружацца жывымі кветкамі. «Сынок, не хадзі. Па лесе ваўчыца бегае. Яе ваўчанят забралі, і яна чыё-небудзь дзіця ўкрадзе. Будзе няньчыць яго», — кажа маці. «Я не баюся. Я ваўчыцу не баюся», — смяецца ён. Маці туліць яго, і ён чуе, як у яе грудзях часта-часта б'ецца нейкі камячок. «Мама, што так тукае?» — пытаецца. «Сэрца», — адказвае яна. «Сэрца — гэта што?» — не разумее ён. Маці паціху кажа: «Жыццё. Маё жыццё». Ён зноў смяецца: «Я ваўчыцу не баюся». «Дурненькі. Які ж ты дурненькі!» — лашчыць яго маці. «Раскажы, як ваўчыца дзяцей няньчыць», — ціснецца да яе. «Лепей песню праспяваю. Не будзем пра ваўчыцу. Няхай яна згіне», — кажа маці.
Ён садзіцца на траву, такую ж мяккую, як і маміны рукі.
Маці спявае, а над імі трапечуцца матылі. Многа-многа іх. Быццам пчолы з вулля вылецелі. «Кыш! Кыш!» — крычыць ён на іх, што на курэй, заліваецца смехам.
спявае маці.
Янка брыдзе па вадзе. А мо і не брыдзе? Мо на адным месцы топчацца? Чаму ўспомнілася маці? Чаму менавіта той дзень, на лузе? Ён жа тады, напэўна, толькі хадзіць навучыўся. Да гэтага ніколі не ўспамінаў. Выходзіць, жыло ў памяці.
Дыхаць цяжка, губы перасмяглі. Каб хоць хто вады падаў. Што гэта да твару цягнецца? Рука? Чыясьці рука? Каб вады падаць? Не, не, не. Змяіны раздвоены язык.