Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 35

Алексей Николаевич Якимович

— Русалкі любяць па жыце гуляць, — завялася Алеся.

— Я русалак не баюся, — прагаварыў Мацей. — Я цётку з барадой баюся. Яна па нашым лесе, што выгнаннік, цягаецца.

Пра выгнанніка Мацей успомніў. А мо гэта сапраўды стары вой, які сваю сялібу пакінуў? Янку прыгадалася, як расказвала маці, што даўней воі, якія знемагліся, ішлі ў лес, дзе блукалі ад вясны да восені. Аніякага жытла ў лесе не рабілі, карміліся грыбамі, ягадамі, арэхамі. Здаралася, сустракаліся такія бадзягі. Як падчас сустрэчы заведзена? Роспыты, успаміны. А яны ані слова адзін аднаму не казалі. Моўчкі разыходзіліся, бо сваё апошняе слова казалі перад тым, як пакінуць родных. Казалі, што такія бадзягі разумелі мову звяроў, птушак, траў, чулі шоргат карэнняў.

Няўжо і цётка з барадой гэткі бадзяга? Не. Бадзягі не стануць пераапранацца ў жаночае. Дый старыя яны. З сівымі бародамі.

— Я такую гісторыю пра русалак чула, — не спынялася Алеся. — Паляўнічыя гналі лася. Гналі, гналі, і раптам прапаў ласіны след.

Мацей аж рот раскрыў.

— Прапаў?

— Перад самай непралазнай багнай. Глядзяць паляўнічыя: у багне агеньчыкі мігцяць, нібы да сябе клічуць.

Янка навастрыў вушы. Агеньчыкі… Мігцелі… Выходзіць, ноччу было. Ноч, непралазная багна, незвычайныя агеньчыкі, лось, які бясследна знік. Сапраўды, жахліва.

— Працерлі вочы паляўнічыя — русалкі танцуюць, рукі, што дым, выгінаюцца. Клічуць паляўнічых, завабліваюць.

Янка азірнуўся. З русалкамі, як і з цёткай, у якой барада, як у мужчыны, у лесе лепей не сустракацца. Лепей з галодным воўкам. Ад яго хоць на хваіне ўратуешся.

— Што сталася з паляўнічымі? — не выцерпеў Мацей.

— Паляўнічыя па пояс у балота праваліліся, ледзь вылезлі. Русалкі іх вакол пальца абвялі.

— Яшчэ не такое бывае, — не стрымаўся Янка. — Ехаў праз лес адзін чалавек. Бачыць: на дрэвах русалкі сядзяць. Валасы аж да зямлі спускаюцца. Цягнуць да чалавека рукі, не пускаюць. А конь на дыбкі становіцца.

— Во дзе набраўся страху! — сказаў Мацей ці то пра каня, ці то пра падарожнага.

— У таго чалавека якраз у кішэні хлеб ляжаў. Кінуў яго русалкам. Чуе: над галавою прашумела, нібы чарада груганоў праляцела. І ціха-ціха стала.

— Галодныя былі русалкі,— паспачувала Алеся. — Хлеба ім захацелася.

Балоцісты бераг скончыўся. Яны выйшлі на Мокры Груд (так у вёсцы гэтае месца называюць). Напэўна, таму, што заўсёды залівае яго, калі разводдзе. Бераг тут нізкі, пясчаны. Пясок белы, што мука. І каля берага неглыбока, па пояс, не болей. Тут, на водмелі, ляжаць, усмоктаныя пяском, пачарнелыя, слізкія бярвенні, карчы, груды, дзесьці адкрышаныя ад берага. Пад гэтымі бярвеннямі, карчамі, грудамі, ведае Янка, хаваюцца плоткі, мянькі, нават язі. Не раз іх проста рукамі лавіў. І цяпер зарупела.

— Алеся, Мацей, пачакайце. Мянькоў налаўлю.