Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 34
Алексей Николаевич Якимович
— Ну і што? — паціснуў плячыма Мацей.
— Ясь, ты абяцаў нам бабровыя хаткі паказаць, — напомніла Алеся.
Ясь, не зважаючы, прагаварыў:
— Янка, і ты нічога не заўважаеш? Глядзі. Янка прыгледзеўся. Нездарма Ясь на тое галлё пазірае. Здаецца, прынесла яго немаведама адкуль, прыбіла да берага. Але ж зверху свежыя галінкі. Нават лісце на іх яшчэ зялёнае.
— Гэта бабровыя хаткі,— здагадаўся ён.
— Не, — не пагадзіўся Мацей. — Татка казаў, што бабровыя хаткі што каменныя. А тыя горбы воўк адной лапай раскідае.
— Няхай паспрабуе, — сказаў Ясь. — Усярэдзіне і знізу яны глеем абмазаныя. Глей засох, што гліна на таку.
— Няўжо гэта бабровыя хаткі? — прамовіў Мацей. — Няўжо бабры іх глеем абмазваюць?
Ясь павярнуўся да яго.
— Калі-небудзь бачыў птушынае гняздзечка?
— Бачыў. Такое маленькае, прыгожанькае, кругленькае. Мне нават не паверылася, што птушка так умее рабіць.
— І бабры ўмелыя работнікі,— сказаў Ясь.
— Мядзведзь усё роўна, калі возьмецца, разбурыць бабровую хатку.
— Таптун дужы звер. Ды бабра яму не злавіць.
У бабра ёсць падводны ход. Калі нявыкрутка, выберацца і паплыве.
— Давайце залезем у бабровую хатку, — загарэўся Мацей.
Ясь кашлянуў у кулак.
— Навошта баброў трывожыць? Усім хочацца спакойна жыць.
Янка моўчкі пагадзіўся з ім*. Сапраўды, усім. І людзям, і звярам. Бач, якія гэтыя бабры разумныя. Хатку ўмеюць будаваць. А яшчэ бацька казаў, што і рэчышча запрудай перагароджваюць. Валяць упоперак дрэвы, нават калы ў дно ўторкваюць. Пасля запруду абмазваюць глінай, глеем, дзёран наверх кладуць. Такую плаціну не кожны чалавек пабудуе.
— Бабёр! Бабёр! — нечакана крыкнула Алеся. Але, бабёр. Выплыў, чорнай кропкай застыў каля крайняй хаткі. Пазірае, дзівіцца: «Хто такія? Чаго прыйшлі? Не прасіў жа вас». Мацей замахаў рукамі.
— Э-э-э…
Бабёр, гучна пляснуўшы хвастом, аж хвалі пайшлі, умомант знік пад вадою. Зноў выплыў, зноў пляснуў, нібы на развітанне.
— Во як б'е! — усклікнуў Мацей. — Каб мне так.
— Хвастом? — засмяялася Алеся. Мацей надзьмуўся.
— Ты сама, як хвост, за намі цягаешся. Хвастом, хвастом… Рукамі.
— Навошта табе так? — пацікавіўся Ясь.
— Каб крыжакоў біць. Ясь абняў яго за плечы.
— Крыжакоў тады паб'еш, калі навучышся. «Добра сказаў Ясь, — падумаў Янка. — Ворагаў-крыжакоў нялёгка перамагчы. Відаць, прыйдзецца з імі счапіцца. І дзед ваяваў, і бацька ваюе. А што зробіш? Воўк кожны год ліняе, але нораву не мяняе».
— Мне на балота трэба. Зойдзеце без мяне ў вёску? — сказаў Ясь.
— Не першына, — за ўсіх адказаў Мацей.
— Бывайце, хлопчыкі і дзяўчынка. — Ясь усміхнуўся і пашыбаваў да балота.
А яны пабрылі берагам ракі, абмінаючы старыцы-затокі.
— Ведаеце, што ў рэчках русалкі жывуць? — завяла гаворку Алеся.
— Ведаю, — адказаў Мацей. — Вечарам яны выходзяць у лес, гуляюць, водзяць карагоды.
— Яны і жыта не мінаюць. Аднаго разу я ў жыта зайшла. Хацела васілёчкаў на вянок нарваць. Толькі нагнулася, а ззаду: «Шу-шу-шу… Шу-шу-шу…» Гэта ж русалкі назіркам ішлі, мяне палохалі. Ой і ўцякала! Так бегла, так бегла…
— Распускаеш язык, — не стрываў Янка. Вядома, і ён чуў пра русалак. І як да сябе, у ваду, клічуць, і як карагоды водзяць на беразе, і як маладых дзяўчат запыняюць, просяць, каб адзенне далі. Слухаў пра гэта наставіўшы вушы. Але цяпер? Зноў, як учора, цётку з барадой наклічуць. А калі і не наклічуць, то абавязкова ўспомняць пра яе. І з якога ж балота яна вылезла? Няхай сядзела б там.