Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 32
Алексей Николаевич Якимович
— Ты не выдумляеш? — запытаў у Яся.
— У кнізе напісана.
Ясь бачыў кнігу. Відаць, у руках трымаў. Цікава: колькі ў такой кнізе літарак? Напэўна, гэтулькі, як лістоў на дрэвах. Шмат такая кніжка можа расказаць. Шчаслівы Ясь.
Янка вырашыў пацікавіцца ў яго.
— Ясь, як па-твойму: калі бясконца летаў пройдзе, людзі будуць ведаць пра нас?
Не чакаў Ясь, што пра гэта Янка запытаецца, разгубіўся.
— Як ведаць?
— Ну, як жылі мы. Якія песні спявалі, што сеялі. Якой наша вёска была.
— Бясконца летаў — гэта колькі?
— Як зорак на небе.
Задумаўся Ясь. Вядома, многа летаў пройдзе.
Не раз і не два птушка Фенікс ператворыцца ў попел. Што ж будзе тут, у іхняй вёсцы, праз гэтулькі летаў? Ці застанецца яна? Вось каб наперад зазірнуць! Хоць праз маленькую шчылінку. Не зазірнеш. Няма такой шчылінкі. Што ж будзе? Відаць, крыжакоў разаб'юць. Ці праведаюць пра гэта людзі?
— Будуць, — нарэшце сказаў ён. — Кніжкі раскажуць.
— У кніжках пра князёў пішуць. Ці будуць ведаць пра мяне, пра Мацея, пра Алесю, пра цябе?
Ясь паціснуў плячыма.
— Як-небудзь праведаюць. Не бядуй.
Янка пальцам босай нагі вывеў на пяску знак, падобны на літару «наш».
— Я навучуся пісаць. І чытаць навучуся.
— Э-э-х! — уздыхнуў Ясь. — Уперад збудуй клетку, тады шукай птушкі.
— Ясь, хадзем на рэчку, — прапанаваў Мацей. Пра цётку з барадой, мабыць, ён зусім забыўся.
Хіба прапанаваў бы, калі б успомніў?
— Хадзем, — пагадзіўся Ясь. — Бабровыя хаткі вам пакажу.
Яны ўчатырох ішлі па ўскрайку лесу. З Ясем зусім не страшна.
— Ці ведаеце, як раней жылі нашы прашчуры? — завёў гаворку Ясь.
Янка забег наперад, глянуў на яго.
— Калі гэта — раней?
Ясь махнуў рукою, паказаўшы на векавы дуб-велікан, які стаяў непадалёку.
— Калі і гэтага дуба тут яшчэ не было.
— Не ведаем. Раскажы, раскажы, — што сарока, зашчабятала Алеся.
— Нашы продкі, як і цяпер, сваё жытло звычайна рабілі каля рэк, — пачаў Ясь. — Як думаеце? Чаму?
— У рацэ рыбу можна лавіць, — сказала Алеся.
— Малайчына. Кемлівая, — пахваліў яе Ясь. Мацею, відаць, не даспадобы, што апярэдзіла яго дзяўчынка.
— Таўчэшся пад нагамі,— буркнуў ён.
— Сам ты таўчэшся, — не змаўчала Алеся. — Я збоку іду.
— Завяліся, — папракнуў Ясь. А Янка звярнуўся да яго:
— Чаму ты сказаў, што рабілі жытло? Трэба казаць: хаты.
— Хаты яшчэ не навучыліся будаваць. Бярвенні, як цяпер, не ссякалі. Рабілі сваё жытло з тоўстых сукоў, з касцей маманта.
— Мамант — гэта звер? — пацікавіўся Мацей.
— Але, звер. Ён быў самы магутны, самы вялікі ў нашым лесе.
— Такі, як тур? — запытала Алеся.
— Яшчэ большы. Скура ў яго была тоўстая, поўсць густая, а ўперадзе вытыркаліся белыя, што снег, клыкі. Іх называлі біўнямі.
— Дзе падзеліся маманты? — не вытрываў Янка. — Мо ў чужыя лясы ўцяклі?
— Чуў ад людзей, што загінулі, вымерлі. Усе як адзін.
Янка аж галавою пакруціў. Што ж выходзіць? І хітрыя лісы, і шустрыя зайцы, і мядзведзі-таптуны, і вавёркі-рыжухі, і адчайныя дзікі, і дужыя зубры, і рыжыя туры могуць загінуць, як загінулі маманты? Сёння жывуць, бегаюць, а заўтра іх не будзе? Не верыцца, што калісьці такое станецца.