Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 130

Алексей Николаевич Якимович

— Пасядзіш і прыдумаеш, — сказаў народны цар Іванка.

— Канешне, прыдумаю. А цяпер прачытаю карацельку.

— Якую карацельку? — вылупіў вочы народны цар Іванка.

— Такі невялікі верш. Кароценькі. Новая форма верша. Можна?

Народны цар Іванка кіўнуў галавою.

— Чытай.

Паэт Карней таксама страсянуў галавою.

Славім сонца і свабоду, Што даў цар свайму народу!

Стаіць, пазірае на народнага цара Іванку. Нібы дзіцё, якое на Новы год, каля ёлкі, прыз за выступленне чакае. Сонца славіць… Свабоду… Не. Свайму гаспадару дагаджае. І прыдумаў жа такое: карацелька. Не паэт, а сапраўдны карацельшчык. Складае так, каб было карацей і да славы, і да багацця.

— Выдатная карацелька, — усміхнуўся народны цар Іванка. — Правільна ты напісаў. Я даў ім сонца. Калі б не я, то яно не свяціла б. А калі б і свяціла, то ўсё роўна не грэла б. Яно толькі, толькі…

— Толькі тлела б, — дапамог паэт Карней.

— Во! Во! Не грэла б, а тлела б. Як малюсенькі-малюсенькі вугалёчак.

Цар Іванка лічыць, што без яго сонца не грэла б. Няўжо ўсур'ёз? Мабыць, усур'ёз. Вочы блішчаць, што ў галоднага. Паэт Карней яго славіць, а ён расце як на дражджах.

— Яшчэ адну карацельку прачытаю. Можна? — падаў голас паэт Карней.

— Можна. А тую… Загадаю, каб тую ўсе-ўсе вывучылі.

Паэт Карней кашлянуў у кулак і пачаў:

Прыязджайце да нас у госці…

— Будзем вам ламаць мы косці,— перапыніў яго народны цар Іванка.

— Мне? — скалануўся паэт Карней.

— Табе не. Каму-небудзь іншаму…

— Каму-небудзь іншаму трэба. Хапае незычліўцаў на свеце. Ваша вялікасць, яны ёсць і ў нашым горадзе. Паэт Мацей нядаўна казаў, што яму надакучыла вас славіць. Казаў, што стане пісаць пра птушак, пра кветачкі. Каб ваша імя ні-ні…

Ну й губасцік!.. Ён не толькі паэт-астраном, але і зайздроснік. Топча ў гразь паэта Мацея. Дзе ж ягоны гонар?

— Ваша вялікасць, паэт Мацей даўно хоча славіць не вас, а розных там птушачак-шчабятушачак.

— А мы яго на мыла.

— Трэба, ваша вялікасць. Спісаўся.

— Не хвалюйся. Ідзі, пішы, старайся.

Паэт Карней, ашчасліўлены, выйшаў з залы. Цяпер ён, відаць, быў на сёмым небе ад радасці. І ласкавага слова дачакаўся, і паэта Мацея ўтапіў. Магчыма, нядаўна разам за сталом з ім сядзеў, свае карацелькі чытаў. Які ж дурань паэт Мацей! Каму прызнаўся, што надакучыла славіць, што захацелася пра прыроду напісаць!

— Хлопчыкі,— прагаварыў народны цар Іванка, — навучыліся чаму-небудзь?

Хоча, каб і мы славілі, як паэт Карней, каб скакалі пад ягоную дудку, каб утапілі адзін аднаго, калі прыйдзецца.

— Не буду такім, як Карней, — сказаў я.

— Няхай у яго пан Бадзей павучыцца, — дадаў Пятрусь.

Пан Бадзей скрыгітнуў зубамі.

— Вас дрынам трэба вучыць.

— Вельмі ж ганарыстыя, — працадзіў праз зубы народны цар Іванка. — Вас яшчэ супроць шэрсці не гладзілі.

— У прафілакторый іх? — запытаў пан Бадзей.

— Адпушчу. Няхай ідуць.

У пана Бадзея вочы сталі круглыя-круглыя.

— Адпускаеце? Не пакараўшы?

Мы бокам-бокам з гэтай залы, падобнай на турму.

Сапраўдны тарарам

У горадзе быў сапраўдны тарарам. Піск, енкі, крыкі. Нейкія людзі ў лахманах б'юць, цягнуць гараджан. Ды хіба толькі іх? Вось адзін схапіў за ногі астрыжанага сабаку, пакруціў у паветры і шпурнуў за плот, у агарод. Сабака толькі вякнуў.