Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 128
Алексей Николаевич Якимович
— Не магу, ваша вялікасць. Вельмі кепскім словам абазвалі.
— А я загадваю.
— Язык колам стаіць.
— Ну!
Пан Бадзей неспадзявана стаў на калені, упёрся рукамі аб падлогу і загаўкаў:
— Гаў-гаў-гаў…
— Ха-ха-ха… — затросся ад смеху народны цар Іванка. — Зразумеў. Яны мяне сабакам абазвалі.
— Няпраўда, — не сцярпеў я. Пан Бадзей ускочыў на ногі.
— Ваша вялікасць, выкручваюцца. Яны іншаземныя шпіёны.
— У мяне не выкруцяцца. Пан Катовіч, неспакойна ў нашым горадзе. Нейкія прыблуды-хлопчыкі плёткі пра мяне распускаюць, галоўны міністр казаў, што з трона зваліць. Калі так далей пойдзе, то і людзі ўзбунтуюцца.
— Не ўзбунтуюцца. Прыціснем.
— Трэба прыціснуць. Сёння ж трэба. Выпусці з турмы разбойнікаў. Няхай крыху паказычуць людзям нервы. Няхай паглядзяць людзі, што можа з імі стацца, калі ўлада не заступіцца, не абароніць іх.
Разбойнікаў на волю выпускае. Яны ж немаведама чаго наробяць! Што ж у яго ў галаве? А-а, хоча на людзей страх нагнаць. А яны і так як у ваду апушчаныя.
— Бяда, — шапнуў я на вуха Петрусю.
— Бяда, — кіўнуў ён галавою. — Трэба неяк паведаміць людзям, што разбойнікаў выпусцяць.
— Што з хлопчыкамі рабіць? — устаў з крэсла пан Катовіч.
— Няхай тут пабудуць. Вельмі ж яны ганарыстыя. Няхай паглядзяць, як іншыя робяць. Можа, чаму-небудзь навучацца. А калі не навучацца, то прыйдзецца ламаць. У нас ламы добрыя. Усё-усё даведаюся пра іх. Ідзі, пан Катовіч. Выпускай разбойнікаў.
Пан Катовіч прасунуўся ў дзверы. Калі праходзіў каля нас, то я пачуў, як ён шапнуў пану Бадзею: «Цёплае месцейка табе сасватаў. Вечарам прынясеш торбу золата».
Народны цар Іванка пазяхнуў і гучна сказаў:
— Запрашаю нашага паэта Карнея!
Я, як пачуў, дык пра ўсё на свеце забыўся. Не дзіва. Ні разу не бачыў, як кажуць, жывога паэта. «Які ён? Відаць, разумны. Відаць, на гэтых не падобны», — падумалася мне.
У залу імкліва ўляцеў (ледзь з ног мяне не збіў) губаты мужчына. Нават не зірнуўшы на нас, ён стаў каля стала і пратарабаніў:
Народны цар Іванка ўзняў руку.
— Вітаю. Вітаю цябе, паэт Карней. Новы верш напісаў?
— Новенькі, ваша вялікасць. Стос сшыткаў спісаў, пакуль напісаў. Сядзеў, пацеў, марнеў.
Вось які ён, паэт Карней. Не відаць, што змарнеў. Тоўсты, як шафа. Калі б дзверы былі вузейшыя, то не пралез бы. Пэўна, каўбасы кожны дзень есць. І па поўніцы.
— Добры верш ты напісаў,— пахваліў паэта Карнея народны цар Іванка. — Як там у цябе? «Хто свайму цару дагодзіць…»
— «Таго ён і ўзнагародзіць».
— Цудоўныя словы. Дагадзіў. Чым жа цябе ўзнагародзіць?
Паэт Карней апусціў галаву.
— Сэрца сохне. Жыць не магу.
У народнага цара Іванкі бровы прыўзняліся ўгору.
— Не разумею.
Паэт Карней выняў хусцінку, выцер узмакрэлы лоб.
— Выпішыце мне з заморскай казкі прыгажуню Васілісу. Большай узнагароды не трэба.