Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 129
Алексей Николаевич Якимович
Я аж рот разявіў. Думаў, што паэт Карней торбу золата папросіць. А яму давай прыгажуню. Ды не мясцовую, а з-за мора. Дадумаўся, вершы складаючы.
— Мы табе нядаўна выпісалі прыгажуню Васілісу, — пачухаў патыліцу народны цар Іванка.
Паэт Карней памахаў галавою, быццам хлопчык, якога моцна пакрыўдзілі.
— Трэба другую. З гэтаю характарамі не сышліся. Ёй даспадобы музыка, а мне паэзія.
Народны цар Іванка памахаў пальцам.
— Ну! Ну! Трэба, каб сыходзіліся. Што заморскаму цару напішу?
— Ваша вялікасць! Змарнею, ссівею.
Бядуе, што ссівее. І так сівы як голуб. Няўжо думае, што ніхто не бачыць?
Народны цар Іванка пырснуў у далоню.
— Так і быць. Выпішу табе яшчэ адну прыгажуню Васілісу. Цар з царом заўжды дамовяцца.
Паэт Карней узняў галаву.
— Ваша вялікасць! Яшчэ адзін верш напісаўся, крышку ўдаўся. Дазвольце прачытаць.
— Чытай. Хм… Яшчэ адну прыгажуню… Пацешыў. Чытай.
— Гэты верш я прысвячаю вашаму палацу.
Царскаму палацу прысвячае! Няўжо пасля прачытае вершы, якія прысвяціў царскім коням ці царскім астрыжаным сабакам? Пра сабак было б цікава паслухаць.
— Чаму майму палацу, а не мне? — запытаў народны цар Іванка.
— Ваша вялікасць, палац ваш. Выходзіць, і вам заадно прысвячаю.
— Твая праўда. Чытай.
Паэт Карней адну нагу паставіў уперад, рукі заклаў за спіну і пачаў чытаць нараспеў:
Я зірнуў на народнага цара Іванку. Жмурыцца, як кот на печцы. Даспадобы яму і пра вясну, і пра свабоду. А свайго галоўнага міністра паслаў з мядзведзем барукацца. Хіба забыўся? Памяць кароткая, калі так. Няўжо паэт Карней пра ягоныя фокусы не ведае? Не. Ведае. Чытае, а мабыць, новая прыгажуня ў галаве.
Няхай жыве… А людзям хіба не трэба жыць? Хутка разбойнікаў на волю выпусцяць. А Карней стараецца. Лоб аж блішчыць. Нямала поту сёння пралье.
Чаму менавіта тут, каля палаца, сонца ўзыходзіць, а месяц заходзіць? Як гэта вылічыў Карней? Ён, атрымліваецца, не толькі паэт, але і астраном.
Напісаў, што пчолы не джаляць. Хіба яны не такія, як усе? За гэткую паэзію не шкодзіла б гарачых даць. Тады і пра заморскую прыгажуню Васілісу забыўся б. З адной жонкай жыў бы.
— Ха-ха-ха… — не стрымаўся я. Паэт Карней здрыгануўся.
— Чаго ты?
— Коні іржаюць. Ха-ха-ха… — мацней зарагатаў я.
— Хіба не іржаюць? Мо скажаш, што мычаюць? Дык яны не каровы. У іх рог няма.
— Не іржаюць, а іржуць, — удакладніў Пятрусь.
Паэт Карней наморшчыў лоб.
— Іржаюць… Іржуць… Мабыць, трэба «іржуць». Але ж «іржуць» і «спяваюць» не рыфмуецца. Няма рыфмы. Верш разбураецца. Збілі з панталыку, чэрці. Трэба нешта новае прыдумаць.