Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 127
Алексей Николаевич Якимович
— Ваша вялікасць!.. — загаласіў галоўны міністр.
Народны цар Іванка паморшчыўся, як ад зубнога болю.
— Стражнікі! Забраць. Да мядзведзя ў клетку.
У залу ўляцелі два стражнікі ў шырокіх шараварах, падхапілі галоўнага міністра пад рукі, павалаклі. Ён хацеў нешта сказаць, але стражнікі кулакамі па спіне і за дзверы.
— Каго галоўным міністрам прызначыць? — звярнуўся народны цар Іванка да пана Катовіча.
Пан Катовіч апусціў вочы.
— Не асмельваюся сказаць… Я стараюся… Не, не асмельваюся… Ніхто так не стараецца, як я.
— Цябе і прызначаю.
Пан Катовіч падскочыў з крэсла, схапіў народнага цара Іванку за руку, пацалаваў.
— Не спадзяваўся. Не думаў. Апраўдаю ваш давер. Я вас і ў сне буду славіць. Ваша вялікасць!.. Рады старацца. Вельмі рады.
— Сядай. Каго ж на тваё месца прызначыць, начальнікам прафілакторыя? Сядай, сядай…
Пан Катовіч сеў на самы краечак крэсла.
— Можна пана капітана Бадзея.
Пан Бадзей, як пачуў гэткае, дык аж галавою страсянуў.
— Пана капітана? — прагаварыў народны цар Іванка.
— Яго, ваша вялікасць. Ён пастараецца. Ён гэтых хлопчыкаў злавіў. Мы іх на прыцэл узялі, калі яны толькі ў наш горад увайшлі. Мы данеслі вам. Вы загадалі, каб іх сюды прывялі. Вы іх пакуль не дапытвалі. Вы таго дурня хацелі дурнем зрабіць. А пан капітан пастараецца.
— Пан Бадзей у нас прасіў, каб далі торбу золата. Абяцаў, што адпусціць, — прамовіў Пятрусь.
Я думаў, што народны цар Іванка абурыцца, што пашле пана Бадзея з мядзведзем барукацца. А ён сказаў:
— Хлопчык, не балабонь. У цябе язык як трашчотка. Я жадаю, каб пан Бадзей патанцаваў.
— Вядома, патанцую! — усклікнуў пан Бадзей і давай скакаць, стараючыся як мага вышэй падскочыць.
— Во дае! — падахвоціў яго народны цар Іванка.
Стараецца пан Бадзей, каб дагадзіць. Пусціўся ў сабачую скуру. І пан Катовіч за яго не лепшы. Макам рассыпаецца. У руку пацалаваў. Танцуюць, цалуюць. Прыйдзе час — дурнямі іх зробяць, як былога галоўнага міністра. Пашлюць з мядзведзем барукацца.
— Годзе! Годзе! Лопнеш! Разарвешся! — замахаў рукамі народны цар Іванка.
Пан Бадзей выцягнуўся, як туга напятая жылка. Твар чырвоны, пот градам коціцца. Каб яшчэ так некалькі хвілін патанцаваў, то, мабыць, лопнуў бы, разарваўся.
— Ваша вялікасць, умее танцаваць пан Бадзей. Добры хлопец. Калі б хлопчыкі яму торбу золата далі, то ён вам яе прынёс бы. Дзеля вас стараўся, — прамовіў пан Катовіч.
— Канешне, вам аддаў бы, — падаў голас пан Бадзей.
«Калі б далі, то ў жалезны куфар схаваў бы і на тры метры ў зямлю закапаў бы, каб днём з агнём не знайшлі», — падумаў я.
Народны цар Іванка звярнуўся да пана Бадзея:
— Што пра мяне казалі хлопчыкі?
— Кепскім словам абазвалі. Няхай самі скажуць. У іх языкі як трашчоткі.
— Ты іх прывёў — ты і скажы.
Пан Бадзей пабялеў. Быў чырвоны, як рак, а цяпер ураз пабялеў, стаў што палатно. Вядома чаму. Не паварочваецца язык свайго валадара сабакам назваць. Як жа ён выкруціцца?
— Скажы. Не бойся.