Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 113

Алексей Николаевич Якимович

— Бачыш майго Бураціна? — прагаварыў Пятрусь.

— Бачу, — кажу.

— На галаве ў яго я іголкай пракалоў дзірачку і прывязаў шаўковую нітку. Бачыш?

— Бачу. Вочы не на патыліцы.

— Пад гэтым Бураціна яшчэ адзін ляжыць. Зараз пабачыш фокус. Я яшчэ дома хацеў паказаць табе яго, ды забыўся.

— Хопіць шаптацца, — не выцерпеў вядзьмак. Канешне, мне вельмі хацелася даведацца, які фокус Пятрусь збіраецца паказаць, ды Палын тут як тут.

— Нашапталіся? Усё роўна Казімір Міронавіч у казіны рог сагне. Здавайцеся.

— Дзядзька, не дуры галаву, — не вытрываў я.

— Сагне-э… — скрывіўся Палын.

Цягне жылы. Не чалавек, а ліпучка. Даўся ў знакі.

Мы з Петрусём падышлі да ведзьмака.

— Чым здзівіце? — запытаў ён.

Пятрусь дастаў са скрыначкі Бураціна, выразанага з фальгі, прывязаў нітку да галінкі, павесіўшы на яе свайго незвычайнага чалавечка. Пасля выняў з кішэні пластмасавую расчоску, кавалачак шаўковай тканіны, пацёр расчоску аб тканіну і паднёс да Бураціна. Бураціна імгненна развёў рукі.

— Рукамі махае! — адскочыў Палын.

Пятрусь, усміхнуўшыся, дакрануўся да Бураціна пальцам. Рукі ў незвычайнага чалавечка апусціліся.

— Ух ты! — усклікнуў Палын.

Мой сябар стаяў і ўсміхаўся, радуючыся. Відаць, зусім забыўся, дзе ён і хто з ім.

Я нарэшце здагадаўся, чаму нагадаў легенду пра Фалеса Мілецкага. Ён, можна сказаць, паўтарыў вопыт славутага філосафа. Вядома, ні Казімір Міронавіч, ні Палын не ведалі, што Пятрусь наэлектрызаваў расчоску, калі пацёр яе аб шаўковую тканіну. Расчоска, як кажуць фізікі, стала наэлектрызаваным целам. Калі гэтае наэлектрызаванае цела ён паднёс да чалавечка, то чалавечак узняў рукі, паказваючы імі на электрычны зарад.

— Паўтары, — папрасіў Петруся Палын. Пятрусь зноў дакрануўся наэлектрызаванай расчоскай да Бураціна. Зноў той імгненна развёў рукі.

— І цяпер рукамі махае! — на ўсё горла закрычаў Палын.

— Зараз у неба паляціць. Як птушка, — кажу.

— Няўжо? — вырвалася ў Казіміра Міронавіча.

— Здзівіліся вы? — пытаюся ў яго. Вядзьмак засоп носам.

— Не.

— Непрыгожа хлусіць. Зараз не так здзіўлю. — Пятрусь зняў з куста Бураціна і дастаў са скрыначкі другога, у якога была толькі адна рука, выразаная з тонкай папяроснай паперы. Яе мой сябар, як відаць, яшчэ дома прычапіў да пляча чалавечка.

— Аднарукі чалавечак! — загарлапаніў Палын. — Зараз выцягне аднаногага. Канец свету!

— Маўчы, — са злосцю сказаў вядзьмак.

— Маўчу. Міленькі, родненькі, маўчу, — залекацеў Палын.

Пятрусь прывязаў аднарукага чалавечка да галінкі, паднёс да яго расчоску. Чалавечак узняў угору руку, нібы салдат, які аддае чэсць.

Казімір Міронавіч выцягнуў губы дудачкай.

— О-о-о!..

— Зноў вы здзівіліся, — сказаў я.

— Іх папяровыя чалавечкі слухаюцца, — тоненька завыў Палын. — Каленкі трасуцца.

Я зірнуў на яго. І праўда, трасуцца калені. А нядаўна, калі мы дрыжалі, радаваўся. Няхай цяпер бокам вылазіць. Не ўсё кату масленіца.

Казімір Міронавіч тупнуў нагою.

— Маўчы.

— Бу-ду-ду… Буду маўчаць. Ч-чорт пацягнуў за язык. — Палын адбегся, сеў, пазіраючы здалёку, нібы пабіты сабака.