Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 115

Алексей Николаевич Якимович

— Першае і трэцяе словы трэба чытаць наадварот.

— Задам наперад? Як рак ходзіць? — усклікнуў Палын.

Пятрусь усміхнуўся.

— Як рак.

— Кот з'еў сыр. Казімір Міронавіч, я прачытаў. Ура-а!.. — узрадаваўся Палын.

— Сціхні, казёл, — паморшчыўся вядзьмак.

— З трыма заданнямі мы справіліся. Адпусціце нас, — прагаварыў Пятрусь.

Што ж скажа вядзьмак? Павінен адпусціць. У казках, як пішуць, розныя нячысцікі ад свайго слова не адмаўляліся, хоць і зубамі скрыгаталі.

Я памкнуўся наперад.

— Цяпер адпусціце?

— І ні цяпер, і ні ў чацвер.

— Вы абяцалі,— прамовіў Пятрусь.

— Абяцаная шапка вушэй не нагрэе, — крыкнуў Палын. — У казіны рог вас.

Не адпускае. А мы так стараліся. Што ж ён за чалавек? Не, ён не чалавек. Ён нейкая каменная глыба. Нездарма брат па душы Мірону Казіміравічу. Не ведалі, што такія людзі страчаюцца. Чаму нам у школе не казалі? Расказвалі пра электрычнасць, пра птушак, пра звяроў, нават пра дажджавога чарвяка і інфузорыю туфельку. А пра тое, што ёсць не людзі, а каменныя глыбы, не расказвалі. Колькі ж іх, такіх? Ці шмат? Ці былі яны раней? Мабыць, былі. Нездарма з даўніны прыйшло: у яго зімою і снегу не выпрасіш. Альбо іншае, але падобнае: не дасць вады напіцца. Што ж рабіць? Загубяць яны нас. І ўвесь свет загубяць. Хітрыя. Як на падбор. Усміхаюцца, а за пазухай камень трымаюць.

— Вы абяцалі! — усклікнуў Пятрусь. Вядзьмак зарагатаў. Ягоны рогат — гы-гы-гы — працінаў да пят, як працінае мароз. Здавалася, нейкая дагістарычная істота ці то крычыць, ці то плача. Нават Палын угнуў галаву ў плечы.

— Дзядзька… — пачаў я. Сам не ведаю, як павярнуўся язык ведзьмака дзядзькам назваць.

— Дзядзька? Дурненькія… Адпусціць… Гы-гы-гы… Адпусціць… — Казімір Міронавіч перастаў смяяцца, уперыўся вачыма. — Хіба я выклікаў вас для таго, каб адпусціць?

— Навошта мы вам? — запытаў Пятрусь.

— Я вас вядзьмарству навучу і дамоў адпушчу. Нездарма даў вам тры заданні. Хацелася на кемлівасць праверыць. Што ж, здатныя. Навучу. Каб усё-ўсё ўмелі. Як і я.

Вось яно што! Зразумела, чаму быў такі лагодны. Замазваў вочы. Не раскусілі яго. Стараліся, ламалі галаву. Ен, вядома, радаваўся. Хоча вядзьмарству навучыць, кажа, што дамоў адпусціць. Мы з Петрусём ведзьмакі. Будзем з чорнымі кнігамі хадзіць. Ад нас людзі будуць уцякаць. Дагонім каторага і ў казіны рог. Папапішчыць, папаплача! Ведзьмакі… Дасць чорныя кнігі. Са сваім аўтографам. Каб пра ягоную ласку не забыліся. Мы з Петрусём ведзьмакі… Школу не скончылі. Скончым вядзьмарскую.

— Не буду вучыцца вядзьмарству, — вырвалася ў мяне.

— Казімір Міронавіч, дарэмна вы стараецеся, — сказаў Пятрусь.

Палын плюнуў пад ногі.

— Ну й дурні! Дзякуй трэба сказаць.

— Сам кажы, — агрызнуўся я.

— Не будзеце? — вядзьмак глядзеў на нас як удаў. Ягоныя вочы наліліся крывёю. — Я вас… Вас…

Я апусціў галаву. Няхай робіць што хоча. З чорнымі кнігамі хадзіць, зло людзям чыніць? Каб пракліналі, каб страшыліся, каб плявалі ўслед, каб пальцам паказвалі?

— Добранькія? Сэрца сціснулася, калі ўбачылі, што кроў на хлеб капае? І жыта пашкадавалі? Не хацелі, каб каласкі засушыла? А ведаеце, хто за гэтым полем жыве?