Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 111
Алексей Николаевич Якимович
— Годзе, — перапыніў Казімір Міронавіч. — Казка гэта. Яна называецца «Мядзведзь». Мне яе расказваў мой найлепшы сябар — кульгавы чорт. Прапрадзед кульгавага чорта гультая ў мядзведзя перавярнуў. А людзі, даведаўшыся, казку склалі. Казка ў казцы. Цікава? Ха-ха-ха…
— З'елі булку з маслам? — замахаў рукамі Палын. — Зараз вас Казімір Міронавіч у казіны рог сагне.
Хацеў я сказаць яму, каб прыкусіў язык, ды вядзьмак апярэдзіў мяне:
— Я сёння добры. Так і быць. Можаце іншую гісторыю расказаць.
Пранесла. Што ж расказаць яму? А калі казку «Адкуль пайшлі паны на Палессі?» Пачну так, як напісана, а пасля па-свойму. Вылупіць вочы. Няўжо не вырвецца ў яго «не веру»?
— Даўно гэта было. Нават старыя людзі таго ўжо не памятаюць. І расказваюць яны тое, што чулі ад бацькоў і дзядоў,— пачаў я.
Неўпрыкметкі зірнуў на Казіміра Міронавіча. Натапырыў вушы. Чуў гэтую казку, успамінае, ад каго. Няхай. Усё роўна наша возьме.
Я працягваю далей:
— Густымі палескімі лясамі прабіраўся адвячоркам чорт у сваё балота. Быў ён страшэнна хмуры, бо за цэлы доўгі дзень не ўдалося зрабіць людзям ніякай шкоды. А які ж з яго пасля гэтага чорт? Цяпер хоць ты і не паказвайся ў пекла — засмяюць!
Вядзьмак цмокнуў губамі.
— Ведаю. Той чорт схапіў за чуб пана, які ехаў дарогаю з Варшавы, і пачаў па лесе насіць, стукаючы галавою аб дрэвы.
— Не так, — сказаў я. — Цягнецца чорт па дарозе і бачыць: сядзіць пад кустом ваш сябар — кульгавы чорт. Тады ён быў зусім маленькі. Тады чорцікам яго звалі.
Вядзьмак, гляджу, бараду пальцамі перабірае. А Палын аж рот разявіў.
— Схапіў чорт чорціка за хвост і ў лес папёр.
— Добра! — не стрываў Пятрусь.
А Казімір Міронавіч ушчарэпіўся рукамі за бараду, вусны сцяў.
— Цягне чорт чорціка па лесе. Аж зямля гудзе. Дзе аб сасну, дзе аб бярозу, дзе аб сукаватую яліну.
— Аб сукаватую-у? — прамовіў вядзьмак.
— Не толькі аб яліну, але і аб дуб. Набіў чорцік гэтулькі гузакоў, што ні адзін чорт не злічыў бы. Нарэшце прыцягнуў чорт чорціка на паляну, на якой чэрці свой баль спраўлялі, пасадзіў на смалісты пень. Чорцік як сеў, так і прыліп.
— Прыліп? — прахрыпеў Казімір Міронавіч.
— Прыліп. Чорт вырашыў адарваць яго. Схапіў за правую нагу і давай цягнуць. Выцягнуў так, што правая за левую стала даўжэйшая. З таго часу закульгаў чорцік.
Казімір Міронавіч як агнём мяне апёк:
— Не веру!
— Не верыце?
— Не веру. Хлусня. Чорт чорта не пакрыўдзіць. А Палын як закрычыць:
— Тры корабы нагаварыў! І як табе язык не забалеў? Не язык, а мянташка. Каб табе пуста было!
— Казімір Міронавіч, не паверылі вы. Справіліся мы з першым заданнем, — заганарыўся Пятрусь.
— Хм, — хмыкнуў вядзьмак.
— Давайце другое заданне, — кажу.
Я быў упэўнены, што і з другім заданнем справімся. У мяне быццам сілы прыбавілася. І што самае дзіўнае? Ранейшага страху ўжо не было. Відаць, і да страху чалавек прывыкае. А мы з Петрусём за гэтыя дні, як гаворыцца, не праз адно пекла прайшлі, зведалі па чым фунт ліха.