Читать «Трансплутонавыя афелii» онлайн - страница 9

Владимир Шитик

У суцэльным месiве льдзiнак i пылiнак, прыцягнутых вялiзнай масай каметы, Зыль вобмацкам дабраўся да ўваходнага адсека. Нерашуча, баючыся хуткай сустрэчы з нечым, вiдаць, страшным, можа нават са смерцю, увайшоў у шлюзавую камеру.

Прыборы працавалi спраўна. Зыль падышоў да ўвахода ва ўнутраныя памяшканнi карабля. Зялёны агеньчык сведчыў, што там нiчога небяспечнага няма. Зыль хацеў распрануць лёгкi ахоўны касцюм, але перадумаў. Адчынiўшы дзверы, ён увайшоў у галоўны калiдор. Няярка свяцiлi нябачныя плафоны. Так звычайна было, калi экiпаж пакiдаў зоркалёт.

Зыль нездарма рыхтаваў сябе да космасу, вывучаў будову розных касмiчных караблёў. Ён ведаў, што i дзе знаходзiцца, i прамым шляхам пайшоў да цэнтральнай рубкi.

Дзверы ў яе былi адчынены. Яркая пляма святла ляжала на парозе. Зыль яшчэ не зразумеў, у чым справа, а ногi самi паскорылi крокi.

Крыху аслеплены, Зыль спынiўся ля ўвахода. Рубка жыла як i мае быць на караблi, што iмчыць у прасторы. Памiргвалi iндыкатары, ледзь чутна шапацелi апараты, адказныя за ўнутраны парадак у зоркалёце. А ў крэсле, глыбокiм i адкiнутым, як ложак, напаўляжаў… чалавек.

Зыль з воклiчам кiнуўся да крэсла. Чалавек не зварухнуўся, не адкрыў вочы. Зыль углядаўся ў твар чалавека. Ён быў немалады ўжо, гэты касманаўт, глыбокiя маршчыны парэзалi твар i лоб, сiвiзна пабялiла некалi чорныя валасы. Ён ляжаў нерухомы i нейкi чужы ў гэтым акружэннi руху i энергii, якiмi поўнiлася ўсё наўкола. Зыль узяў касманаўта за руку, спрабуючы намацаць пульс. Яна была халодная, бязвольная. Зыль пачакаў хвiлiну, другую. Нiводная жылка не ўздрыгнула на руцэ гаспадара зоркалёта. Але Зыль мог паклясцiся, што гэтая нерухомасць — яшчэ не смерць. Бледны, схуднелы твар, сама фiгура чалавека, у якой адчувалася ледзь прыкметная напружанасць, — усё сведчыла хутчэй аб глыбокай непрытомнасцi. Яна нiбы напаткала чалавека раптоўна, у час работы каля пульта.

Зыль сеў на крэсла, што стаяла побач. Трэба было асэнсаваць становiшча, прыдумаць, чым даць рады.

Колькi часу прайшло з таго дня, калi астралётчык у апошнi раз правяраў паказаннi гэтых прыбораў? Напэўна, нямала, бо наўрад цi, знаходзячыся побач з Сонечнай сiстэмай, ён адважыўся б на сон, падобны на анабiёз. Касманаўт зрабiў гэта, напэўна, значна раней. Тады, вiдаць, i была запаволена хуткасць зоркалёта. Касманаўт баяўся, каб выпадкова не праскочыць мiма. Яго разлiкi, увогуле, апраўдалiся. Рухаючыся па iнерцыi, зоркалёт не мог не стаць здабычай аднаго з целаў Сонечнай сiстэмы. А потым ужо аўтаматы намацалi ў неабсяжнай прасторы Плутон i паслалi туды вестку.

Зыль, не адрываючыся, глядзеў на касманаўта. Ён шукаў у iм, чалавеку, чыё жыццё было для яго заўсёды недасягальнай марай, нейкiя незвычайныя адметныя рысы. Шукаў i не знаходзiў. Звычайны, як i ўсе людзi. А якi ён быў там, у прасторы?

На касмадроме Плутона час ад часу садзiлiся зоркалёты. Зыль сустракаў iх экiпажы, сачыў, каб былi захаваны каранцiнныя патрабаваннi. I часам шукаў выпадку блiжэй пазнаёмiцца з самiмi касманаўтамi, даведацца, што iм адкрылася там, ля чужых далёкiх зорак?