Читать «Трансплутонавыя афелii» онлайн - страница 11
Владимир Шитик
Робат маўчаў.
— Раскажы, хто вы i што з вамi здарылася, — дадаў Зыль. Размаўляць праз шлемафон было нязручна, i ён пачаў расшпiльваць гермашлем.
Флегматычны робат раптам страпянуўся i засцерагальна ўскiнуў руку.
— Скафандр скiдаць нельга, — пачуў Зыль у навушнiках нечакана рэзкi голас робата.
— Чаму? — запытаў ён.
— Атмасфера планеты Зялёнага сонца трапiла ўнутр карабля, — адказаў робат, супакоiўшыся зноў.
Гэта было ўжо нешта новае. Зыль сеў i загадаў:
— Як назва зоркалёта? Я чакаю!
Робат нарэшце пакiнуў месца ля дзвярэй i пакрочыў да края пульта, дзе размяшчалася мноства пераключальнiкаў i кнопак. Ён выбраў адну з iх. Нацiснуў.
— Я — «Салют», я — «Салют», — прагучала ў рубцы.
А Зыль успомнiў i зоркалёт, што меў гэту назву, i iмёны касманаўтаў, якiя адправiлiся на iмудалёкiя прасторы Сусвету.
— Наблiжаемся да пятай планеты Зялёнага сонца. Там ёсць разумнае жыццё…
Робат уключыў дзённiк карабля. Цiкава было б паслухаць усе запiсы. Аднак колькi для гэтага спатрэбiцца часу? Зылю ж трэба было зараз даведацца пра галоўнае: што здарылася з экiпажам. Ён устаў, выключыў дзённiк, павярнуўся да робата:
— Мефiстофель, я хачу паслухаць цябе.
Той павярнуўся да чалавека.
— Хто гэта? — спытаў Зыль, паказваючы на гаспадара рубкi.
— Ран, — адказаў Мефiстофель.
«Старшы пiлот», — успомнiў Зыль.
— У атмасферы планеты Зялёнага сонца раптам з'явiлася атрута. Для нас. Яе прынесла вывяржэнне вулканаў, — робат крыху ажывiўся, пачаў хутчэй вымаўляць словы: — Людзi з планеты не маглi дапамагчы. Яны гаварылi: вы будзеце доўга спаць.
— I ты? — здзiвiўся Зыль.
— Не — зямляне, — растлумачыў Мефiстофель. — Мне гаварыў Ран. У час вывяржэння ён адзiн быў на борце.
— Дзе астатнiя? — успомнiў Зыль пустыя каюты.
— Людзi планеты пакiнулi iх у сябе. Будуць спрабаваць выратаваць. Мефiстофель зноў намацаў нейкi тумблер, пстрыкнуў iм.
На сцяне засвяцiўся невялiкi экран, паказаўся твар чалавека. Зыль пазнаў Рана, толькi намнога маладзейшага за таго, якi зараз ляжаў у крэсле каля пульта. «Колькi ж год прайшло, калi нават у анабiёзе ён так прыкметна састарэў?» — падумалася Зылю.
А Ран загаварыў з экрана:
«Няшчасны, не прадбачаны нiкiм выпадак спынiў наша знаёмства з гэтай цудоўнай планетай у самым пачатку. Жыхары называюць яе Iнзi. Мы ўстанавiлi кантакт, навучылiся разумець адзiн аднаго. Адбылася першая высадка. На жаль, яна аказалася апошняй. Небяспекi не чакалi нi яны, нi мы. Гэта атрута падзейнiчала толькi на нас. Яна выклiкае ў чалавека стан, падобны на анабiёз — у шмат разоў замаруджваюцца ўсе працэсы ў арганiзме. Але ў адрозненне ад штучнага анабiёзу, з гэтага мы не ведаем, як выйсцi. Не ведаюць i жыхары Iнзi. Я адзiн быў у караблi, калi гэта здарылася. I мы дамовiлiся: палову экiпажа я павязу на Зямлю, каб паспрабаваць вярнуць да нармальнага жыцця. А астатнiх яны паспрабуюць выратаваць самi.
Дзеля чаго я згадзiўся на гэта? Зямля павiнна ўстанавiць кантакт з Iнзi. Памiж намi вельмi шмат агульнага. Але я не спадзяюся на свае сiлы. Напэўна, атрута крыху падзейнiчала i на мяне — я не закрыў люк, калi да нас наблiзiўся планеталёт iнзiйцаў. Думалася, у гэтым няма патрэбы. Я супрацiўляюся сну. Але раптам не давяду „Салют“ да Зямлi? Тады загiне ўсё, пра што мы даведалiся. Вось таму i пакiнуў я сваiх сяброў на Iнзi. Калi iх выратуюць, яны прыляцяць з iнзiйцамi на iх зоркалёце. Калi не, то, знаходзячыся ў гэтым сне, яны змогуць дачакацца новай экспедыцыi. Мая адзiная надзея — Мефiстофель. Ён павiнен замянiць мяне…»