Читать «Трансплутонавыя афелii» онлайн - страница 7
Владимир Шитик
У бiблiятэцы ён доўга праглядаў фiльмы аб усiх зоркалётах, якiя калi-небудзь адпраўлялiся ў прастору. Частка з iх ужо вярнулася, некаторыя, як той самы з Капэлы, паведамiлi аб сабе, пра вяртанне iншых гаварыць пакуль рана, бо iх шлях вельмi доўгi.
Зыль ведаў, што аб сваiх назiраннях i роздуме ён павiнен паведамiць на Зямлю. I разумеў, што гэта ўрэшце нiчога iстотнага не дасць. Калi ён не вырашыць загадку тут, то на Зямлi яе тым больш не адгадаюць. Адтуль камету не ўгледзiш, а на перагаворы будзе патрачана некалькi дзён — лазераграма ад Плутона да Зямлi iдзе больш пяцi гадзiн. За гэты марна патрачаны час Пялёстак знiкне з поля зрочу Плутонавага тэлескопа.
Што ж, хоць гэта i яўнае парушэнне правiл, ён паспрабуе выкарыстаць тыя нямногiя гадзiны, якiя дае яму камета. Ён паспрабуе сам дабрацца да iсцiны.
Зыль прыняў за аснову меркаванне, што гэта зямны зоркалёт. Яму было пакуль не так ужо важна, якi ён i адкуль вяртаўся. Галоўнае, што зоркалёт чамусьцi страцiў здольнасць да самастойнага руху ў прасторы i таму мае патрэбу ў дапамозе.
Гэта, бадай, крыху смелы вывад, але, як нi круцi, iншага не прыдумаеш. А за iм следаваў другi — абавязкова паведамiць на Зямлю.
Усё ўпiралася ў Зямлю.
Зыль уздыхнуў. Паслаўшы справаздачу, ён тым самым пазбаўляў сябе адказнасцi за наступны ход падзей. Ён жа толькi начальнiк касмадрома, i ў яго няма ў падначаленнi службы выратавання караблёў. Для гэтага iснуюць спецыяльныя атрады, якiя базiруюцца ў цэнтры Сонечнай сiстэмы. Яны, безумоўна, прыйдуць на дапамогу. Аднак тут ёсць невялiкiя няўвязкi. Першая час, якi спатрэбiцца караблям-выратавальнiкам, каб дабрацца да мэты, i другая — не выключана, што ён наогул памылiўся i гэта нiякi не зоркалёт.
I Зыль вырашыў зрабiць па-свойму, хай сабе гэта i будзе службовым парушэннем. Iншага выйсця ён не бачыў.
Праз гадзiну Зыль сабраў свой нешматлiкi калектыў. Пазнаёмiўшы таварышаў са становiшчам, ён сказаў намеснiку:
— Палячу я, падрыхтуй «Барса».
— Табе нельга, — запярэчыў намеснiк.
— Урачы? — з горыччу спытаў Зыль. — А ў тых, хто, магчыма, трапiў у пераплёт там, у прасторы, можа, здароўе яшчэ горшае. — I, быццам канчаючы размову, загадаў: — Я склаў усе матэрыялы. Паведамiце на Зямлю, калi стартую. Зоркалёт з Капэлы прымiце без мяне.
Пяцiмесны «Барс» быў адзiны карабель, што стаяў на ўсякi выпадак на касмадроме Плутона. Ён мог развiваць хуткасць крыху вышэйшую, чым унутрысiстэмныя планеталёты, але да гэтага часу яму нi разу не даводзiлася адрывацца ад Плутона. Зыль не меў дыплома пiлота. Кiраваць «Барсам», калi здарыцца выпадак, павiнен быў iншы. Але i на гэты раз Зыль парушыў правiлы, адправiўшыся адзiн. У свой час, пазбаўлены магчымасцi скончыць школу астралётчыкаў, ён усё-такi асвоiў спецыяльнасць пiлота самастойна. I пазней, ужо на Плутоне, нiбы прадбачачы гэты выпадак, часта забiраўся ў кабiну «Барса» i ўяўляў сябе яго капiтанам. Ён вельмi любiў космас.
Спяшаючыся, Зыль адразу даў вялiкае паскарэнне. Сiла перагрузкi прыцiснула яго да крэсла, зацягнула вочы туманам. Праз мутную чырванаватую заслону ён убачыў развiтальныя агнi стартавай пляцоўкi. Яны былi, як зоркi, толькi ў адрозненне ад iх памiргвалi, пералiваючыся рознакаляровымi iскаркамi. А мо ён ужо гэтага не бачыў, а толькi ўяўляў па памяцi. Разумеючы, што ўжо нестае сiлы адольваць гэтыя шматлiкiя «жы», ён апошнiм намаганнем перадаў кiраванне аўтаматам i пагрузiўся ў балючую i трывожную дрымоту.