Читать «Трансплутонавыя афелii» онлайн - страница 10
Владимир Шитик
Касманаўты былi на дзiва негаваркiя. Спачатку Зыль крыўдаваў на iх, думаў, гэта ад фанабэрыi. Потым зразумеў, што крыўдуе дарэмна. Гэтыя людзi сталi скупыя на словы i пачуццi праз тыя выпрабаваннi, якiя выпалi на iх долю. Яны былi як бы над часам, бо належалi дзвюм эпохам — той, з якой выйшлi, i другой — у якую прыйшлi. Але нi адна з гэтых эпох не магла сказаць, што яны належаць менавiта ёй.
Гэтыя людзi, iх называлi рэлятывiстамi, належалi толькi планеце Зямля. Яны адпраўлялiся ў прастору i загадзя хавалi сваiх блiзкiх, асуджаючы сябе ў будучым на адзiноту. Яны вярталiся i вельмi часта не разумелi сваiх новых сучаснiкаў, як тыя не разумелi iх. Яны шмат бачылi, паспелi пераацанiць тое, што лiчылi важным некалi даўно, на Зямлi, у паўсядзённым жыццi. Гэта не праходзiла бясследна.
Цiкаўнасць Зыля — зусiм зямнога чалавека — яны проста не прымалi, цэнячы нешта сваё, адным iм вядомае i дарагое.
Што iм такое адкрывалася ў прасторы? Зыль лiчыў iх жыццё подзвiгам, а яны, пачуўшы гэта слова, звычайна недаўменна пацiскалi плячамi. А можа, прастора была для iх тым месцам, дзе яны хацелi знайсцi сваё цэлае?
I гэты касманаўт… Цi дасягнуў ён сваёй мары?
Зыль паглядзеў на яго i падумаў, што жыццё гэтага чалавека, прынамсi ў апошнi час, было нялёгкiм. Стома, заклапочанасць, нягледзячы нi на што, не сцерлiся з яго твару.
Трэба было нешта рабiць, дзейнiчаць. Зыль павярнуўся да пульта. Як сведчылi сiгнальныя агеньчыкi, толькi ў чатырох каютах былi людзi. Зыль па чарзе ўключаў сувязь. На экране кожны раз з'яўляўся ложак i чалавек, якi нерухома, як i гэты ў рубцы, ляжаў на iм. А куды дзелiся астатнiя?
Пад руку Зылю трапiла кнопка сiгналу агульнай трывогi, i ён нацiснуў яе. Непрыемны гул нiзкага тэмбру, здалося, папоўз на яго з усiх бакоў. Зыль сцепануўся, уявiўшы сабе, як дзейнiчала гэта, калi небяспека ўзнiкала на самай справе. I паспяшаўся выключыць сiгнал.
Нiчога наўкола не змянiлася, хаця Зыль у глыбiнi душы спадзяваўся, што нешта здарыцца. Касманаўты — i гэты, што быў побач з iм, i астатнiя, якiх ён зноў убачыў праз тэлесувязь, — на сiгнал трывогi не адрэагавалi. Зыль яшчэ раз зiрнуў на прыборы i падумаў, што трэба агледзець карабель. Ён падняўся з крэсла, зрабiў крок да дзвярэй i спынiўся. На парозе стаяў робат.
— Ты хто?.. — разгубiўся Зыль.
— Мефiстофель… — флегматычна адказаў робат.
Апамятаўшыся, Зыль засмяяўся: робат сапраўды быў вельмi падобны на свайго славутага цёзку: меў бараду i нарасцi над iлбом, якiя нагадвалi рогi.
— А ты хто? — пасля паўзы ў сваю чаргу спытаў робат, уважлiва гледзячы на Зыля.
— Зямлянiн.
Збоку гэтая размова магла здацца камiчнай. Але Зыль разумеў, што тут не да жартаў. Робат, магчыма, быў зараз адзiным сведкам усяго таго, што здарылася з зоркалётам i яго экiпажам.
— Я зямлянiн, — паўтарыў ён, — на Плутоне прынялi ваша паведамленне.