Читать «Эсэ» онлайн - страница 93

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Да прыроды мне там прывыкаць не прывялося. Каб не беленькія хаткі і не перавага лістоўных дрэў, то дужа лёгка і проста было ўявіць сябе недзе на старой дарозе паміж Навагрудкам і Любчай. А каб гэтыя лістоўныя дрэвы нам, то гэта былі б проста нейкія там лясістыя грывы пад Лагойскам ці Оршай.

Карыта паміж узгоркамі — пойма рачулкі, не, ручая Катлуй, ператвораная грэблямі ў некалькі ставоў, а вакол вербы, і сады, і хатнія стрэхі. Вёска была доўгая-доўгая між гэтых узгоркаў і над ставамі, і настолькі маляўнічая, што менавіта яе калісь выбралі для здымкаў фільма "Воўчыя сцежкі". Я гэтага фільма не бачыў, але жыхары памяталі: як жа, такая падзея.

Усё там у мяне было: старая земская школа, дрымучы, белы ад квецені сад каля яе, бакоўка і ў ёй газавая лямпа або свечка, дрыготка радасці ад прадчування будучыні, вершы, якія аж сплывалі з пяра і якія я ўрэшце (пасля дзесяці год пісаніны) адважыўся аддаць у друк, украінскія песні — сапраўдныя даўнія і горкія песні і думы.

І мова іхняя там адкрылася мне, як жывы струмень. І я гаварыў ёю, як яны. І спяваў на радзінах, і тужыў на радаўніцу на могілках, а вакол была мяккая зямля і неба нясмела-блакітнае над векавымі, бялютка пабеленымі чарэшнямі.

І тут была Гісторыя. Ды яшчэ якая! Блукаючы з кіем па бясконцых дарогах, я сустракаўся з ёю на кожным кроку. Вось Выблаў лес і не так далёка Умань, і зусім побач Лысянка, дзе нарадзіўся Міхайла Хмель, бацька Багдана Хмяльніцкага, і дзе Максім Жалязняк учыніў з гайдамакамі разню ў 1768 годзе. І там, на дарозе, я зразумеў, што трэба бараніць свой народ, калі яму скрутна, але калі твой народ не мае рацыі — набярыся смеласці і скажы яму аб гэтым, як мелі мужнасць сказаць такое Шаўчэнка і Талстой. Набярыся мужнасці сказаць яму гэта, нават калі ты ў гэтым сваім учынку адзіны, як перст.

…Але там была не толькі гісторыя. Там была будучыня, былі дзеці, такія самыя цудоўныя на Украіне, як і паўсюль, і я аддаваў ім усяго сябе. І цяпер часам шкадую, што кінуў іх і гэтую працу, бо ўнутрана прызнаюся, што настаўнік з мяне быў сапраўдны.

Адзінае, чым магу ганарыцца, — выйшлі з іх людзі: інжынеры, земляробы, настаўнікі, лекары. Паэтаў не атрымалася, ды яно можа і лепей, лягчэй жыць. Але што кожны з іх любіць літаратуру — за гэта паручуся. І, як памяць аб настаўніцтве, я напісаў для дзяцей іхніх дзяцей кнігу пра Беларусь — "Зямля пад белымі крыламі". Яна і была напісана для ўкраінскіх дзяцей (паспрабаваў сплаціць частку доўгу, бо яны ж, гэтыя дзеці, таксама вельмі многаму мяне навучылі), выдадзена на Украіне, і толькі пасля выйшла на Беларусі, для дзяцей беларускіх.

Лёс часам падкідае розным людзям і ў розныя часы амаль зусім аднолькавыя выпадкі і сітуацыі. Вы памятаеце "Далёкія гады" К. Паўстоўскага? Там малады чалавек, спяшаючыся да бацькі, які памірае, ледзь не гіне ў паводку на грэблі цераз Рось. Смешна і неверагодна, але тое самае здарылася і са мной на пачатку вясновых канікул недзе ў 55-м або 56-м годзе. Ехаў у Кіеў, не ў брычцы, а ў кузаве грузавіка, вядома. І грэбля была не земляная, а бетонная, з занадта вузкім вадасцёкам. Але была тая самая рака Рось і тая самая Белая Царква, і паводка, мабыць, яшчэ больш моцная, і такое ж вясновае расторганае неба, і вада валіла паўзверх грэблі магутным пластом. Грузавік, па згодзе ўсіх, хто ехаў, увайшоў у яе і пачаў рухацца, і вось, недалёка ўжо ад берага, машыну пачало павольна, мякка і ўладна валачы задам да краю грэблі, адкуль падаў уніз таўшчэзны шкляны пласт вады. Зеленавата-шэры, бязгучны там, дзе зрываўся ў прорву, ён унізе, вельмі далёка, вантробна і драпежна бурчаў.