Читать «Эсэ» онлайн - страница 92

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Працавала тая жанчына ўсю зіму. І вось, здаецца праз год, неяк у вясну, студэнты задумалі запрасіць на выступленне Барыса Раманавіча Гмыру, тады ўжо народнага артыста. На чале дэлегацыі дзяўчат накіравалі мяне (лічылася, што калі я захачу і калі гэтага дужа патрабуе справа, я магу "прывесці ў выгляд, зручны для лагарыфмавання, самага складанага і цяжкага чалавека, абы разумны быў").

Пазваніў… Адчыніла мне дзверы… тая самая мілая кабетка з бібліятэкі. Абое мы разгубіліся: я падумаў, што памыліўся дзвярыма, яна… не ведаю, што падумала яна, ды яшчэ ўбачыўшы мяне з такім эскортам.

Выявілася, што гэта жонка Барыса Раманавіча (добра, што я не задаў пытання накшталт: "А вы як тут?"). І ўжо як яна пасля ні ўгаворвала выступіць, на жаль, было нельга: Гмыра напярэдадні пайшоў у адпачынак і даў сабе волю: з'еў сем порцый марожанага. Але канцэрт быў. Гэты дзядзька з-пад Харкава, даведаўшыся, што я беларус, сказаў, што ў яго нехта з бацькоў (ці дзядоў, не помню) таксама з Беларусі, і ўсю рэштку дня да ночы мы спявалі беларускія народныя песні, якія ён памятаў. Не думаю, што ён сказаў пра продка беларуса з ветлівасці, бо песні ён ведаў сапраўды глыбінныя, неапрацаваныя, якія і цяпер спяваюць пад Туравам або Рагачовам ці Астраўцом.

…І, вядома, сябры, з якімі вучыўся. З усіх факультэтаў і "відділов", у прыватнасці з украінскага. Чытаеш цяпер кнігі, бачыш: "укладальнік такі", "прадмова такога", "пераклад з іспанскай і каментарый таго і таго", а сам успамінаеш, як жылі ў адным калідоры, па суседству, як здабывалі на хлеб, як разам спявалі, як вырашалі сусветныя праблемы, як зацята спрачаліся аб паэзіі, праўдзе, любові да радзімы і проста любові, і зноў, і зноў аб паэзіі.

Многія з нас не ведалі, што іншыя пішуць вершы, многія нікому і не адкрываліся ў гэтым, так што даведваліся мы аб гэтым куды пазней. Але над нашымі галовамі лунала Маці-Паэзія, і з ёю нам чорт быў не брат.

Можаце здзівіцца, але са мною ў адным пакоі жыло, як пазней выявілася, — аж пяць, здаецца, вядомых цяпер паэтаў. А колькі іх было ў суседніх пакоях, на іншых курсах!

Адкуль я мог ведаць, што вось гэты іранічны хлопец (як рана ён пайшоў ад нас!) — бліскуча таленавіты паэт Васіль Сіманенка. Адкуль я мог ведаць, што вось той, за ложак-другі ад мяне, белазубы і русявы юнак, які ўсміхаецца, трасе чупрынаю і запрашае ўсіх да сябе пад Бравары "копацьця в ставку, бо краще нема", — што гэта будучы паэт Мікола Сом. І што паэт — вось гэты крыху замаруджаны Толька Шаўчэнка. І што флегматычны Толька Маскаленка, і Васіль Дзідзенка, дзівак з дзівакоў, і Тамара Каламіец, перад якой самыя грубіяны трымалі сябе як выхаваныя лорды, і Барыс Алейнік, і дзесяткі іншых, што яны — сабраты, паплечнікі, паэты.

А каб вас бог любіў. Гэта для іншых яны — сузор'е. А для мяне яны — хатнія, з якімі мы дзяліліся хлебам і салам, калі было, і пра якіх мне няма чаго казаць гучныя словы.

…А пасля было настаўніцтва ў глыбінным украінскім сяле (тады нават без электрычнасці), у Лесавічах пад Тарашчай, дзе я зведаў, чым дыхае самая глыбінная частка гэтага народа. Жыў з сялянамі, смяяўся і перажываў з імі, працаваў, святкаваў у гадавым кругазвароце ўсе вясковыя святы.