Читать «Эсэ» онлайн - страница 95
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Вось такі, апошні падарунак мне зрабіўшы, і выправіла мяне ўкраінская зямля на радзіму, калі прыйшоў час справы.
Пасля было яшчэ шмат сустрэч. Была ружовая і бэзавая Адэса з карункавым ценем акацый на бруку і сінім прывідам мора, былі скамянелыя хвалі Львова, была Палтава з пляміста-чорнымі ад раздушанай шаўковіцы тратуарамі, Палтава, у якой некалі вянчаліся мае бацькі.
І кожны раз я вяртаўся дамоў узбагачаным, яшчэ цвярдзей абапіраючыся на свой дарожны кій.
Вось так. І пры чым тут гучныя словы? Я сказаў бы: калі ведаеш чужое як сваё, тады слоў не трэба. І каб усе ведалі пра ўсіх усё, як пра сябе, — не было б глебы для варожасці. На жаль, гэта далёка не так.
Дзіўны сум навеяла мне апошняе спатканне з Кіевам. Дамы нібы змарнелі, дрэвы разрасліся, нібы лес, там, дзе былі паляны майго юнацтва. Двор "лісця каштанаў" забудаваўся і паменеў, стаў цацачны; даўно ляжыць брук на месцы старых раскопаў непадалёк ад доміка М. Булгакава; фантаны майго юнацтва стаяць бязводныя і забытыя ў густых хмызах; стары зялёны тэатр падобны ўначы на марсіянскі цырк і не мільгнуць за рогам вуліц абліччы многіх маіх сяброў і дзяўчат. Горад, які я ведаў да апошняга каменьчыка, цяпер разросся і напалову невядомы мне.
Але ўсё адно душа мая, вершы мае, складзеныя там, словы мае да блізкіх блукаюць паркамі, бульварам Шаўчэнкі, начнымі вуліцамі, Пячэрскам, як каханне маё, незабытае і незабітае ні пуцявінамі, ні холадам год.
Але ўсё адно я стаю на беразе майго і твайго Дняпра і малюся не толькі за свой кут, але і за цябе. І жадаю табе таго, чаго пажадаў бы і свайму народу: адсутнасці гардыні, фанабэрыі і зазнайства ў час трыумфу і неадольнай, мужнай і спакойнай стойкасці ў бедах.
Малюся за цябе, Украіна.
Твой зорны шлях
Зорным часам аўстрыйскі пісьменнік Стэфан Цвейг назваў кульмінацыю, вышэйшы пункт кожнага чалавечага жыцця, тую вяршыню, вышэй за якую чалавек часам і не ўзнімаецца. А можа, і мог бы ўзняцца, ды не ведае пра гэта.
А павінен быў бы ведаць, павінен быў бы верыць у свае сілы, асабліва калі ён чалавек малады. Бо маладыя больш за іншых жывуць запалам свайго маладога сэрца, сваёй душы, свайго сумлення. Бо маладому ў вышэйшай ступені ўласцівая вера ў свае сілы, і, як вынік гэтага, — прадчуванне сваіх вялікіх здзяйсненняў.
Зорным часам для мараходаў было ў свой час адкрыццё Амерыкі і выхад на бераг Ціхага акіяна, для вучоных — адкрыццё электрычнасці і атрыманне радыю, для паэтаў — напісанне "Барыса Гадунова" і "Кургана".
Сёй-той, вядома, можа сказаць, што ён не Купала, не Кюры-Складоўская і ўжо аніяк не Калумб. I, аднак, ён не поўнасцю будзе мець рацыю. Амерыкі адкрыты, але мы дагэтуль не ведаем, як мігрыруюць птушкі і рыбы, хто насяляе глыбіні акіянаў. А гэта для нас, магчыма, не менш важна, бо няважных таямніц няма, і кожная патрабуе свайго героя, свайго Калумба.